Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці спецыяльнага мерапрыемства «Роля Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны: прыцягненне вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі да адказнасці», арганізаванага Народным антыкрызісным упраўленнем і Прадстаўніцтвам Кабінета па транзіце ўлады.

2026-08-07

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што прыцягненне вінаватых у злачынствах рэжыму да адказнасці застаецца адным з галоўных прыярытэтаў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і ўсіх беларускіх дэмакратычных сіл.

Яна заклікала міжнародных партнёраў падтрымліваць механізмы міжнароднага правасуддзя, у тым ліку Спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.

«Без справядлівасці ніякія перамены не будуць трывалымі. Інакш мы зноў і зноў будзем хадзіць па замкнёным коле, а злачынствы будуць паўтарацца».

Кіраўніца Кабінета звярнула ўвагу, што адказнасць за саўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі павінны несці канкрэтныя асобы, якія прымалі рашэнні і дазволілі выкарыстаць тэрыторыю краіны для нападу на Украіну.

«Адказнасць павінны несці тыя, хто прымаў рашэнні, якія ператварылі Беларусь у плацдарм для расійскай агрэсіі супраць Украіны. У выніку церпяць і беларусы, і ўкраінцы. А сама Беларусь стала закладніцай двух дыктатараў».

Асобна Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць размежавання беларускага народа і рэжыму Лукашэнкі. З першых дзён поўнамаштабнай вайны дэмакратычныя сілы не толькі асуджалі агрэсію і збіралі доказы саўдзелу рэжыму, але і паслядоўна даводзілі, што ўдзел Беларусі ў вайне адбываўся супраць волі беларусаў.

«Беларусы сваім супрацівам паказалі, што яны стаяць на баку Украіны. Наш апошні візіт ва Украіну пацвердзіў: Украіна выразна адрознівае беларускі народ ад незаконнага рэжыму і гатовая падтрымліваць нашы ініцыятывы па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці».

У гэтыя хвіліны ў межах Канферэнцыі «Новая Беларусь» праходзіць спецыяльнае мерапрыемства, падчас якога намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка прадставіць задокументаваныя доказы ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Main carousel image