Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Напрыканцы сайд-івэнту «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь» выступіў Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні. Ён прэзентаваў policy paper пра стан беларускай мовы, тры сцэнарыі яе будучыні і крокі для спынення русіфікацыі.

2026-08-07

Беларуская мова фармальна застаецца адной з дзяржаўных, але ўжо ўнесеная ў атлас моў ЮНЕСКА, якім пагражае знікненне. Паводле Баркоўскага, пры захаванні цяперашніх тэндэнцый праз адно-два пакаленні яна можа застацца толькі ў невялікіх супольнасцях, а на дзяржаўным узроўні — знікнуць.

Гэта вынік больш як двухсотгадовай сістэмнай русіфікацыі, якая ўзмацнілася за апошнія пяць гадоў. На пачатку незалежнасці па-беларуску вучыліся каля 40% школьнікаў, сёння — менш за 8%, або каля 86 тысяч дзяцей. Штогод іх становіцца на пяць тысяч менш. Пры такой дынаміцы праз 15–20 гадоў беларускамоўная школьная адукацыя можа знікнуць.

Паводле даследавання Press Club Belarus, якое прывёў спікер, толькі 29% матэрыялаў незалежных СМІ выходзяць па-беларуску, у дзяржаўным вяшчанні — каля 1,4%.

Але ёсць і «агмені надзеі»: незалежныя выдаўцы за мяжой штогод выпускаюць больш за 100 тысяч беларускамоўных кніг, а ў беларускай музыцы з’яўляецца каля паўтары тысячы рэлізаў на год, значная частка якіх — па-беларуску.

У policy paper разглядаюцца тры сцэнарыі будучыні беларускай мовы.

Першы — паскоранае знікненне. Пры працягу агрэсіўнай русіфікацыі і выцісканні мовы з адукацыі, медыя, навукі і публічнага жыцця вынікам могуць стаць поўная асіміляцыя і фактычны аншлюс на працягу прыкладна дзесяці гадоў.

Другі — павольнае згасанне. Захоўваецца сённяшні статус-кво: беларускамоўныя ініцыятывы працягваюць працаваць, але ім бракуе ўстойлівасці, фінансавання і каардынацыі. У выніку праз 20–30 гадоў грамадства можа быць асіміляванае.

Трэці — аднаўленне. Для яго неабходныя каардынацыя беларускай супольнасці, сінхранізацыя фрагментаваных высілкаў і ўстойлівая падтрымка моўных праектаў. Важная ўмова — вяртанне Беларусі да рэальнай незалежнасці ў агляднай будучыні. Тады негатыўныя працэсы яшчэ можна разгарнуць назад.

«Рак яшчэ не на той стадыі, калі ён неаперабельны», — падкрэсліў Павел Баркоўскі.

Policy paper прапануе свядома працаваць дзеля трэцяга сцэнарыя. Сярод прыярытэтаў:
— каардынацыя беларускіх арганізацый;
— большае фінансаванне беларускамоўных прадуктаў і сэрвісаў;
— кампаніі па папулярызацыі мовы;
— павелічэнне долі беларускай мовы ў незалежных медыя хаця б да 45%;
— стварэнне поўнага цыкла беларускамоўнай адукацыі;
— стварэнне фонду беларускіх даследаванняў і навукі і падтрымка Belarusian studies;
— падрыхтоўка дарожнай мапы на час дэмакратычнага транзіту.

Стратэгічная мэта — паступовы пераход да беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і выпраўленне наступстваў рэферэндуму 1995 года.

«Наша задача не ў тым, каб усіх падначаліць і павесці ў светлую будучыню. Наша задача — дбаць, каб на стратэгічным узроўні былі каардынацыя і сумесная сінергія».

Будучыня беларускай мовы яшчэ не прадвызначаная. Выбар паміж трыма сцэнарыямі робіцца ўжо сёння — праз адукацыю, медыя, культуру, фінансаванне і здольнасць дзейнічаць разам.

Main carousel image