Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Праблемы беларускіх медыя і стратэгічных камунікацый на сайд-івэнце «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь» аглядала Ксенія .

2026-08-07

Яна прадставіла policy paper пра тое, як прасоўваць і захоўваць беларускасць і размаўляць з беларусамі так, каб нацыянальная ідэнтычнасць была для іх прывабнай.

Дакумент абапіраецца на матэрыялы і даследаванні Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні 2024–2025 гадоў. Адна з ключавых праблем — недахоп яднання, партнёрства і каардынацыі ў дэмакратычным полі.

У policy paper вылучаныя пяць асноўных выклікаў:
— расійскі інфармацыйны ўплыў і савецкія каланіяльныя наратывы;
— рэпрэсіі супраць усяго беларускага;
— рызыкі для аўдыторыі ўнутры краіны і яе сваякоў;
— нябачнасць Беларусі як самастойнага актара;
— недахоп каардынацыі.

Беларусь па-ранейшаму часта ўспрымаюць як прыдатак да Расіі. Унутры краіны сітуацыю пагаршаюць рэпрэсіі, выцісканне беларускай мовы і моцная прысутнасць расійскага кантэнту. Паводле Ксеніі, больш за 20 тысяч інфармацыйных рэсурсаў прызнаныя «экстрэмісцкімі» — ад незалежных медыя і беларускамоўных дзіцячых кніг да асабістых старонак грамадзян.

Вялікай апорай для захавання ідэнтычнасці можа стаць дыяспара. Аднак у эміграцыі людзі найперш вырашаюць базавыя праблемы і толькі потым задумваюцца пра карані і пра тое, на якой мове будуць размаўляць іх дзеці.

«У нас няма недахопу ідэй, у нас няма недахопу праектаў. Але ўсяму гэтаму не хапае абагульнення і стратэгічнага падыходу».

Аўтары policy paper сфармулявалі дзесяць прынцыпаў камунікацыі. Сярод ключавых — інклюзіўнасць, недыскрымінацыя і «не нашкодзь». Нельга дзяліць беларусаў на «сапраўдных» і «несапраўдных», выключаць людзей праз мову ці жыццёвы досвед. А ва ўмовах рэпрэсій любая публічная камунікацыя павінна ўлічваць бяспеку аўдыторыі.

«Беларусы хочуць, каб іх не абражалі і не саромілі за тое, сапраўдныя яны ці несапраўдныя, размаўляюць па-беларуску ці не. Калі яны адчуваюць сябе беларусамі, мы павінны з гэтым пагадзіцца».

Беларускасць пры гэтым не абмяжоўваецца мовай, культурай або адукаванасцю. Гэта таксама сучасны лад жыцця, каштоўнасці, традыцыі і здольнасць да самаарганізацыі. Адзін з прыкладаў — хваля беларускага кантэнту ў Threads, якая атрымала міжнародныя ахопы і дапамагла расказаць шырокай аўдыторыі пра беларусаў.

Што прапануецца?

Найперш — стварыць агульны цэнтр стратэгічных камунікацый: рабочую групу з палітычных актараў, камунікацыйных каманд, медыя і іншых ініцыятыў. Яе задача — не цэнзура і не «метадычка», а каардынацыя праектаў, агульная рамка і сінергія.

Агульныя наратывы павінны стаць «пуцяводнай зоркай», каб розныя каманды гаварылі на адной сэнсавай мове, захоўваючы незалежнасць. Пры гэтым медыя служаць не палітычным структурам, а грамадству, таму ім нельга нічога загадваць.

Дыяспарам прапануецца развіваць супольныя праекты, партнёрствы і абмен экспертызай: «Калі адзін плюс адзін — гэта будзе тры».

Партнёрам і донарам — успрымаць беларусаў як асобную самастойную нацыю і дэмакратычнага актара. А беларусам — працаваць над тым, каб у нашу суб’ектнасць паверылі не толькі мы самі, але і ўвесь свет.

Галоўная задача стратэгічных камунікацый — зрабіць так, каб беларускасць выклікала не сорам, а годнасць і гонар.

Main carousel image