Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Наступным на сайд-івэнце «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь» выступіў Андрэй Лаўрухін.

2026-08-07

Ён прадставіў policy paper пра захаванне беларускай адукацыі і навукі ва ўмовах ізаляцыі, расійскай каланізацыі, рэпрэсій і вымушанай эміграцыі акадэмічнай супольнасці.

У дакуменце вылучаныя чатыры колы праблем.

1️⃣ Першае — (сама)ізаляцыя Беларусі. Рэжым адгароджваецца ад дэмакратычнага свету, а пасля 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны еўрапейскія краіны таксама пачалі ізаляваць Беларусь. Краіна выключаная з Балонскага працэсу, міжнародных механізмаў прафесійнай адукацыі і маніторынгу якасці школьнай адукацыі. Толькі ў межах праекта мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі Беларусь, паводле Лаўрухіна, страціла доступ да $109 млн.

2️⃣ Другое — расійская каланізацыя і «ментальная акупацыя» праз адукацыю, навуку, культуру, медыя і сістэму каштоўнасцяў. Без еўрапейскай альтэрнатывы Беларусь усё глыбей уцягваецца ў расійскую адукацыйную прастору.

«Гібрыдная агрэсія — гэта таксама нябачны фронт: на ментальным узроўні, на ўзроўні каштоўнасцяў, медыя, палітыкі, адукацыі, навукі і культуры»,
— падкрэсліў Андрэй Лаўрухін.

3️⃣ Трэцяе — дэградацыя праз рэпрэсіі і арыентацыю рэжыму не на будучыню, а на архаізацыю існага. Пераслед выкладчыкаў, даследчыкаў і студэнтаў Лаўрухін назваў «забойствам будучыні»: Беларусь губляе новыя пакаленні і чалавечы капітал.

4️⃣ Чацвёртае — становішча акадэмічнай супольнасці за мяжой. Беларускія праекты залежаць ад кароткатэрміновых грантаў і не могуць планаваць працу надоўга, а значыць — будаваць устойлівыя інстытуты, здольныя захаваць веды і пасля вярнуць іх у Беларусь.

Што прапануе policy paper?

Найперш — змяніць якасць міжнароднага прадстаўніцтва. У Балонскім працэсе і іншых структурах Беларусь маглі б прадстаўляць не рэжымнае міністэрства, а дэмакратычная акадэмічная супольнасць і яе арганізацыі, у тым ліку Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі.

«Офіс Ціханоўскай амаль замяніў беларускі МЗС на міжнародным узроўні. Чаму немагчыма зрабіць тое ж самае ў адукацыі?»
— адзначыў Лаўрухін.

Таксама сярод прапаноў:
— маніторынг стану адукацыі і навукі, фіксацыя парушэнняў права на адукацыю і стварэнне спісу ўстаноў і асобаў, датычных да рэпрэсій;
— распрацоўка курсаў крытычнага мыслення, сучасных падручнікаў і беларускамоўнага кантэнту еўрапейскага ўзроўню;
— стварэнне незалежнага грамадзянскага фонду дапамогі рэпрэсаваным, які не залежаў бы ад экстраннага краўдфандынгу;
— падтрымка адукацыйных праектаў па-за Беларуссю, якія захоўваюць сувязь з людзьмі ў краіне і даюць ім доступ да сучасных ведаў;
— пераход ад кароткіх грантаў да доўгатэрміновага фінансавання інстытутаў і большая кааперацыя беларускіх ініцыятыў.

У гэтым кантэксце Лаўрухін прывёў ЕГУ як негатыўны, на яго думку, прыклад размеркавання сродкаў: «ЕГУ паглынае 50% усіх фінансаў на падтрымку беларускіх адукацыйных праектаў, а выхлап, калі будзе 5%, — гэта добра».

Таму, паводле яго, патрэбная калектыўная і празрыстая рэвізія дзейных праектаў прадстаўнічай акадэмічнай супольнасцю, каб вызначыць ініцыятывы з найбольшым патэнцыялам для доўгатэрміновай падтрымкі.

Галоўная логіка policy paper: без чалавечага капіталу, які ствараюць адукацыя і навука, усе «вокны магчымасцяў» для Беларусі зачыняцца. Таму захаванне незалежнай акадэмічнай супольнасці — гэта ўжо сёння барацьба за будучыню краіны.

Main carousel image