На сайд-івэнце «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь», які праходзіць у межах Канферэнцыі «Новая Беларусь», прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі падкрэсліў: новыя policy papers — гэта не толькі аналіз сітуацыі, але і спроба паўплываць на яе. Таму важна, каб праца не завяршалася прэзентацыяй дакументаў, а працягвалася праз стварэнне кааліцый, пошук партнёраў і шырокі дыялог.
2026-08-07
Policy paper пра стратэгічную ролю беларускай культуры прадставіла Ірэна Кацяловіч, намесніца прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях культуры.
Галоўная пагроза сёння, паводле яе, — мэтанакіраванае перафарматаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці Расіяй і рэжымам Лукашэнкі. Русіфікацыя спалучаецца з рэпрэсіямі, ціскам на незалежных творцаў і спробамі прысвоіць гістарычную памяць.
«Дзяржава можа страціць дзяржаўныя межы. Але аднавіць іх яна можа толькі тады, калі мае захаваную культурную ідэнтычнасць», — адзначыла Ірэна Кацяловіч.
Таму культуру важна разглядаць не толькі як сферу, якую неабходна падтрымліваць дзеля выжывання, але як элемент дэмакратычнай устойлівасці, нацыянальнай бяспекі і доўгатэрміновай стратэгіі адносна Беларусі.
Незалежная беларуская культура пры гэтым захоўвае здольнасць да самаарганізацыі і развіцця, а рост значэння беларускай мовы і культуры для нацыянальнай ідэнтычнасці стварае магчымасці для далейшага ўзмацнення.
«Я лічу, што беларуская культура можа стаць success story. Я нават лічу, што ў беларускай культуры можа здарыцца новая беларуская хваля — і стаць феноменам не толькі беларускім, але і агульнаеўрапейскім».
Галоўная прапанова policy paper — перайсці ад гуманітарнай дапамогі культуры да яе сістэмнага ўзмацнення. Сярод практычных крокаў — стварэнне беларуска-еўрапейскай платформы супрацы, вызначэнне краін-партнёраў па асобных культурных кірунках і распрацоўка доўгатэрміновай стратэгіі.
Падтрымка беларускай культуры сёння — гэта інвестыцыя ў суб’ектнасць, еўрапейскую будучыню і незалежнасць Беларусі.



