Выконваючая абавязкі Прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч прыме ўдзел у панэльнай дыскусіі «Постлукашэнкаўская Беларусь. Рэформы. Перспектывы. Бачанне будучыні», якая адбудзецца ў межах Канферэнцыі «Новая Беларусь».
2026-08-04
Падчас дыскусіі Юлія Міцкевіч прадставіць дзве канцэпцыі рэформаў у сферах гендарнай палітыкі і супрацьдзеяння дыскрымінацыі.
Канцэпцыя рэформы гендарнай палітыкі была распрацавана незалежнай эксперткай па ініцыятыве Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, а канцэпцыя антыдыскрымінацыйнага заканадаўства — экспертнай групай пад каардынацыяй Беларускага Хельсінкскага Камітэта ў супрацоўніцтве з Саветам Еўропы.
Абедзве канцэпцыі — першыя комплексныя дакументы такога кшталту, распрацаваныя для будучай дэмакратычнай Беларусі.
Адным з прынцыпова новых элементаў канцэпцыі з'яўляецца ўвядзенне карэкцыйнага падыходу замест патэрналісцкага, які дзейнічае сёння. Карэкцыйны падыход накіраваны на выкараненне сацыяльнай няроўнасці праз ліквідацыю прычын і наступстваў дыскрымінацыі. Пры патэрналісцкім падыходзе дзяржава бярэ ўразлівыя групы пад апеку, але не ліквідуе сістэмную і структурную няроўнасць і дысбаланс улады.
Дакумент прапануе прававыя механізмы і інструменты, неабходныя для рэальнага дасягнення гендарнай роўнасці.
У далейшым гэты дакумент можа стаць асновай для распрацоўкі іншых заканадаўчых рашэнняў у сферы супрацьдзеяння дыскрымінацыі, каб развіццё гэтай сферы адбывалася паслядоўна і сістэмна.«Дыскрымінацыя, няроўнасць і сацыяльная несправядлівасць — гэта сістэмныя праблемы, таму і вырашаць іх неабходна сістэмна. Заканадаўчыя змены — адзін з ключавых інструментаў пабудовы дэмакратычнай дзяржавы, у якой правы і годнасць кожнага чалавека будуць сапраўды абаронены»,
— адзначае Юлія Міцкевіч.
Запрашаем далучыцца да абмеркавання!
📍 Варшава, Канферэнцыя «Новая Беларусь»
🕔 17:15–18:15
Панэль № 3: «Постлукашэнкаўская Беларусь. Рэформы. Перспектывы. Бачанне будучыні»



