Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларусы, якія не могуць атрымаць адукацыйныя дакументы ў Беларусі, могуць паступаць у польскія ВНУ па спецыяльнай працэдуры

2026-08-03

Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы пацвердзіла, што для беларусаў, якія не могуць атрымаць неабходныя адукацыйныя дакументы праз пагрозу пераследу, дзейнічаюць спецыяльныя механізмы паступлення ў польскія ВНУ. Адпаведны адказ, падпісаны віцэ-міністрам, падсакратаром стану, прафесарам Анджэем Шэптыцкім, быў атрыманы на сумесны запыт Прадстаўніцтва Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні і Прадстаўніцтва па моладзевай палітыцы і студэнцтве.

Праблема датычыцца людзей, якія вымушана пакінулі краіну і праз пагрозу пераследу не могуць звярнуцца па апастыль, выпіскі з дыпломаў, школьныя атэстаты ці іншыя дакументы, неабходныя для паступлення.

У адказ Міністэрства паведаміла, што Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў (NAWA) яшчэ ў 2022 годзе ўвяло механізмы, якія дазваляюць пацвердзіць замежную адукацыю нават пры адсутнасці поўнага камплекта дакументаў.

Праз сістэму SYRENA асобы са статусам уцекача або дадатковай абаронай, а таксама тыя, хто не можа атрымаць поўны камплект дакументаў па палітычных прычынах, могуць падаць заяву па спецыяльнай працэдуры.

Для гэтага на першым этапе запаўнення формы («Крок 1») неабходна адзначыць, што заява датычыцца ўцекача. У такім выпадку не патрабуецца прадстаўляць дакумент, які быў падставай для паступлення на навучанне, а таксама дадатак да яго з пералікам вывучаных прадметаў і атрыманых адзнак. Замест гэтага дастаткова прыкласці дакумент, які пацвярджае статус уцекача або наданне дадатковай абароны.

Акрамя таго, Міністэрства адзначыла, што польскія ўніверсітэты могуць адмовіцца ад патрабавання прадстаўляць завераныя дакументы, калі грамадзянін Беларусі не мае магчымасці атрымаць іх па незалежных ад сябе прычынах.

Пры гэтым канчатковае рашэнне ў кожным выпадку прымае сама вышэйшая навучальная ўстанова.

🔗 Больш падрабязна пра працэдуру і падачу заявы праз сістэму SYRENA можна даведацца на сайце NAWA: ТУТ

Main carousel image