Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Аб’яднаны Пераходны Кабінет працягвае адстойваць правы беларусаў ва Украіне

2026-08-03

Кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне Святлана Шаціліна і намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы па пытаннях працы з добраахвотнікамі і іх сем’ямі Анастасія Махамет выступілі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пытанням легалізацыі беларусаў ва Украіне.

Святлана Шаціліна падкрэсліла ўклад беларусаў у абарону Украіны. Паводле яе слоў, з пачатку расійскай агрэсіі за Украіну загінулі ўжо каля 100 беларускіх добраахвотнікаў, а 414 грамадзян Беларусі сёння знаходзяцца ў турмах рэжыму Лукашэнкі за падтрымку Украіны.

Падчас прэс-канферэнцыі Анастасія Махамет адзначыла, што для многіх беларусаў вяртанне на радзіму дзеля атрымання новага нацыянальнага пашпарта небяспечнае.

«Беларусь на гэты момант з'яўляецца вельмі небяспечнай краінай. Вядома пра больш за 119 выпадкаў арыштаў людзей толькі за тое, што яны вярнуліся. Іх затрымліваюць на мяжы, калі яны вяртаюцца ў Беларусь. З іх 63 ужо прызнаныя палітычнымі вязнямі».
Яна таксама звярнула ўвагу, што існуючы механізм міжнароднай абароны ва Украіне не дазваляе вырашыць праблему большасці беларусаў: з 2022 года па абарону звярнуліся 38 грамадзян Беларусі, аднак статус бежанца атрымалі толькі трое, а дадатковую абарону — 16 чалавек.

У прэс-канферэнцыі таксама ўдзельнічалі прадстаўніца фонду BYSOL ва Украіне, валанцёрка Марыя Анімія і грамадская актывістка Аліна Герашчанка.

Нагадаем, што 5 жніўня заканчваецца ўстаноўлены ўрадам Украіны тэрмін абмену пасведак на часовае пражыванне для замежнікаў, тэрмін дзеяння дакументаў якіх скончыўся пасля 24 лютага 2022 года. У выніку ўжо з 6 жніўня частка грамадзян Беларусі можа страціць законныя падставы для знаходжання ва Украіне.

Main carousel image