Сёння ў Варшаве стартаваў Кубак Мікіты Мелказёрава, прысвечаны памяці журналіста.
2026-08-01
Адкрыццё пачалося з хвіліны маўчання ў памяць пра беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне.
На турнір сабраліся прадстаўнікі беларускай супольнасці, сярод іх — кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.
Перад пачаткам турніру Святлана Ціханоўская перадала на дабрачынны розыгрыш свае першыя баксёрскія пальчаткі. Менавіта ў інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву яна ўпершыню расказала, што займаецца боксам. У сваім выступе Ціханоўская адзначыла:
«Мікіта ўмеў аб’ядноўваць людзей — і на экране, і ў жыцці, і на футбольным полі. І мне здаецца, што найлепшы спосаб ушанаваць яго памяць — працягваць рабіць тое, што ён умеў лепш за ўсё: аб’ядноўваць людзей вакол Беларусі».
Павел Латушка падчас адкрыцця прапанаваў ушанаваць памяць Мікіты не толькі футбольным турнірам, але і журналісцкай ўзнагародай:
«Сёння мы адкрываем турнір імя Мікіты Мелказёрава, але я ўпэўнены, што Мікіта, як вельмі цудоўны чалавек і адначасова выбітны журналіст, мае права, каб у Вольнай Беларусі, а можа і за мяжой паўстала журналісцкая ўзнагарода імя Мікіты Мелказёрава. Я думаю, гэта было б справядліва».



