Чаму Канферэнцыя «Новая Беларусь» застаецца адной з ключавых падзей для беларускай дэмакратычнай супольнасці?
2026-07-31
Пра ролю і значэнне Канферэнцыі распавялі Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, а таксама члены аргкамітэта Канферэнцыі — Прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі і Прадстаўніца АПК па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка.
Святлана Ціханоўская адзначае, што ўжо пяты год Канферэнцыя «Новая Беларусь» застаецца супольнай прасторай для каардынацыі беларускіх дэмакратычных сіл. Яна аб'ядноўвае дэмакратычныя сілы, грамадскія ініцыятывы і дыяспары, а таксама дэманструе адзінства беларускага дэмакратычнага руху і яго здольнасць прапаноўваць альтэрнатыву аўтарытарнаму рэжыму.«Для міжнароднай супольнасці гэта доказ, што ў Беларусі ёсць альтэрнатыва дыктатуры. Для нас саміх гэта гарантыя таго, што рух працягваецца і людзі ўнутры краіны не засталіся адны. Менавіта разам, у дыялогу і супольнай працы, мы будуем нашу будучыню».
Павел Баркоўскі адзначае, што Канферэнцыя «Новая Беларусь» — гэта не проста штогадовая сустрэча дэмакратычных сіл, а адна з галоўных пляцовак, дзе выпрацоўваюцца агульныя падыходы да адказу на ключавыя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю. Яна аб'ядноўвае прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, экспертнай супольнасці, грамадзянскіх ініцыятыў і міжнародных партнёраў, каб разам вызначаць прыярытэты і абмяркоўваць будучыню краіны.«Сёлетняя Канферэнцыя "Новая Беларусь" будзе вельмі адметнай, бо ставяцца вельмі вострыя пытанні. Зараз мы ставім іх бескампрамісна адносна саміх сябе. […] Гэта спроба даць адказ на тое, што нам рабіць, куды нам рухацца і што будзе, калі мы нічога не зробім у гэтых кірунках».
Аліса Рыжычэнка дадае, што значэнне Канферэнцыі не абмяжоўваецца абмеркаваннем будучай Беларусі. Не менш важна, што яна дапамагае дэмакратычным сілам ужо сёння супольна выпрацоўваць падыходы да найбольш актуальных выклікаў. Прадстаўнікі розных палітычных сіл і груп інтарэсаў могуць абмяркоўваць рэформы, ацэньваць іх рэалістычнасць і знаходзіць рашэнні, заснаваныя на прафесійнай экспертызе і шырокім дыялогу. На яе думку, менавіта такая культура адкрытага абмеркавання і супрацоўніцтва вельмі каштоўная і павінна захавацца пасля дэмакратычных перамен.«Канферэнцыя дае магчымасць праверыць нашы ідэі на трываласць: якія рэформы сапраўды патрэбныя краіне, колькі яны будуць каштаваць, якія рызыкі нясуць. Я хацела б, каб такая традыцыя захавалася і пасля дэмакратычных перамен...»
Канферэнцыя «Новая Беларусь» пройдзе 7–9 жніўня ў Варшаве і стане пляцоўкай для выпрацоўкі агульных падыходаў, абмеркавання стратэгіі дзеянняў беларускіх дэмакратычных сіл ва ўмовах зменлівага кантэксту і фарміравання бачання будучыні Беларусі.
❗️Калі вы плануеце ўдзел у Канферэнцыі «Новая Беларусь», загадзя зарэгіструйцеся:
🔹 Для ўдзельнікаў: ТУТ
🔹 Для прадстаўнікоў СМІ: ТУТ
Далучайцеся, каб разам паказаць, што беларускае грамадства застаецца адзіным у сваёй падтрымцы свабоды, праўды і дэмакратычных каштоўнасцяў.
Жыве Беларусь! 🤍❤️🤍



