Пасля магчымых зменаў у законе аб іншаземцах, польскі праязны дакумент можа выдавацца тэрмінам на 2 гады
2026-07-31
Інфармацыя пра працяг беспрэцыдэнтных рэпрэсій у Беларусі была прадстаўлена намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам падчас сустрэчы з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацеем Душчыкам.
У сустрэчы з польскага боку таксама ўзяў удзел кіраўнік Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томаш Цытрыновіч, а з беларускага боку — дэлегат Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк і кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская.
Прадстаўнікі беларускага боку перадалі прадстаўнікам МУС Польшчы даклад праваабарончага цэнтра «Вясна» «Схаваныя рэпрэсіі ў Беларусі 2020–2026», даклад Агенцтва Еўрапейскага саюза па пытаннях прытулку «Беларусь: Палітычная апазіцыя і нязгода», рапарт спецдакладчыка ААН па Беларусі Нілса Муйжніекса «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі», даклад, падрыхтаваны BELPOL, Прадстаўніцтвам Кабінета па сацыяльнай палітыцы і ініцыятывай «Volnyja», — «Пра рэальны маштаб палітычных рэпрэсій у Беларусі», а таксама памятную запіску, падрыхтаваную НАУ, пра рэпрэсіі ў Беларусі з 18 па 26 ліпеня 2026 года.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні легалізацыі беларусаў у Польшчы, у тым ліку ў кантэксце агульных зменаў у падыходах да міграцыйнай палітыкі Польшчы.
Томаш Цытрыновіч пацвердзіў, што ваяводам накіраваны рэкамендацыі разглядаць пратэрмінаваны беларускі пашпарт як дакумент, які пацвярджае асобу, «з прычыны выключных абставін» пры разглядзе пытанняў легалізацыі.
Таксама падчас сустрэчы Мацей Душчык пацвердзіў, што польскі бок працуе над унясеннем зменаў у закон аб іншаземцах. Адна са зменаў тычыцца магчымага рашэння пра выдачу польскага праязнога дакумента тэрмінам на 2 гады. Як было дадаткова адзначана падчас сустрэчы, у праекце зменаў у закон аб іншаземцах закладаецца, што польскі праязны дакумент будзе таксама пацвярджаць асобу замежнага грамадзяніна, што на гэты момант дакладна не прапісана ў заканадаўстве.
Па выніках сустрэчы дамовіліся, што Кабінет, Каардынацыйная Рада, НАУ і ЦБС будуць і далей інфармаваць як намесніка міністра ўнутраных спраў, так і Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, каб гэта ўлічвалася, у тым ліку пры агульнай ацэнцы сітуацыі ў Беларусі і пры прыняцці рашэнняў пра прадастаўленне міжнароднай абароны.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне гатова аказваць дапамогу ў праблемных пытаннях прадастаўлення міжнароднай абароны для былых палітвязняў, у тым ліку з прадастаўленнем паслуг польскага адваката. Інфармуем, што з групы 83 былых палітвязняў, выдвараных на тэрыторыю Украіны і перамешчаных у снежні 2025 года на тэрыторыю Польшчы, 82 грамадзяніны Беларусі атрымалі міжнародную абарону.



