Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Галоўны сімвал Варшавы 9 жніўня зноў стане бел-чырвона-белым

2026-07-29

У шостую гадавіну пачатку маштабных пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Варшава пацвярджае сваю нязменную пазіцыю. У адказ на зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі прыняў рашэнне надаць галоўнаму сімвалу горада нашы нацыянальныя колеры.

У нядзелю, 9 жніўня, з 18:00 да 24:00 фасад Палаца культуры і навукі будзе падсветлены ў колеры вольнай Беларусі.

«Паведамляем, што спадар Прэзідэнт даў згоду на ілюмінацыю фасаду Палаца культуры і навукі ў колеры вольнай Беларусі»,
— адзначаецца ў афіцыйным адказе мэрыі на накіраваны зварот.

«Выказваю шчырую ўдзячнасць Прэзідэнту Варшавы Рафалу Тшаскоўскаму і ўсім жыхарам сталіцы за гэты сімвалічны, але вельмі важны крок. Дзякуючы такой увазе мы адчуваем, што тэма вольнай Беларусі застаецца важнай для Польшчы і Варшавы»,
— пракаментаваў Павел Латушка.
«Мы глыбока цэнім тую падтрымку, якую Польшча аказвае беларускаму народу на працягу гэтых шасці гадоў — найбольш цяжкіх і цёмных старонак у гісторыі незалежнай Беларусі. У часы, калі беларусы штодня сутыкаюцца з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі, маштаб якіх не змяншаецца, Польшча і польскі народ паказалі, што значыць быць сапраўдным суседам.

Вельмі спадзяюся, што Польшча і надалей будзе заставацца нашым надзейным саюзнікам на шляху да пабудовы вольнай і дэмакратычнай Беларусі»,

— адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

Дадзеная праца праводзіцца сумесна з Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

❗️Калі вы плануеце ўдзел у Канферэнцыі «Новая Беларусь», загадзя зарэгіструйцеся:

🔹 Для ўдзельнікаў: ТУТ
🔹 Для прадстаўнікоў СМІ: ТУТ

Таксама запрашаем усіх беларусаў і сяброў Беларусі далучыцца да традыцыйнага мітынгу, прымеркаванага да шостай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

📅 9 жніўня
🕕 18:00
📍 каля помніка Мікалаю Каперніку, цэнтр Варшавы

Далучайцеся, каб разам паказаць, што беларускае грамадства застаецца адзіным у сваёй падтрымцы свабоды, праўды і дэмакратычных каштоўнасцяў.

Жыве Беларусь! 🤍❤️🤍

Main carousel image