Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўніца Кабінета па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка пракаментавалі ўключэнне Мазырскага НПЗ у новы пакет санкцый Еўрапейскага саюза

2026-07-24

Святлана Ціханоўская выказала меркаванне, што ўключэнне Мазырскага НПЗ у 21-ы пакет санкцый Еўрапейскага саюза — прамы вынік дзеянняў рэжыму. Завод страціў украінскі рынак пасля таго, як рэжым Лукашэнкі ўцягнуў Беларусь у расійскую агрэсію супраць Украіны, а пастаўкі паліва ў Расію зрабілі прадпрыемства часткай ваеннай лагістыкі агрэсара.

«Мазырскі НПЗ — гэта вельмі наглядны і балючы прыклад таго, як памылкі Лукашэнкі руйнуюць нашую эканоміку і дабрабыт беларусаў. Самае страшнае — што за рашэнні рэжыму заўсёды плацяць звычайныя людзі»,
— адзначыла Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

Што азначаюць новыя санкцыі для беларускай эканомікі?

Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка тлумачыць: гаворка ўжо не пра еўрапейскі рынак, які завод страціў некалькі гадоў таму.

Пад санкцыі трапіў не толькі Мазырскі НПЗ, але і створаная «Беларускай нафтавай кампаніяй» трэйдавая структура, праз якую беларускія нафтапрадукты прадаваліся ў Расіі. Такім чынам Еўрасаюз абмежаваў увесь ланцужок, які выкарыстоўваўся для падтрымкі расійскай ваеннай эканомікі.

«Гэта не сімвалічны жэст, а ўдар па канкрэтнай бізнес-мадэлі, у якую рэжым загнаў адно з ключавых прадпрыемстваў краіны»,
— падкрэсліла Аліса Рыжычэнка.

Цяпер Мазырскі НПЗ будзе пазбаўлены доступу да еўрапейскага абсталявання, запчастак, каталізатараў і ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння. Адначасова санкцыйны статус павышае рызыкі для банкаў, трэйдараў, страхавых кампаній і іншых замежных партнёраў. Гэта азначае менш пакупнікоў, большыя дысконты і новыя страты для прадпрыемства.

«Праблема не ў санкцыях. Праблема ў тых, хто зрабіў іх непазбежнымі. Каб Беларусь вярнулася ў еўрапейскі тэхналагічны і эканамічны кантур, рэжым павінен спыніць падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны і рэпрэсіі супраць беларусаў»,
— адзначыла Аліса Рыжычэнка.

Main carousel image