Без зменаў унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі чакаць змены палітыкі Еўрасаюза марна
2026-07-24
«Прыняцце 21-га пакета санкцый ЕС — гэта надзвычай важнае пасланне рэжыму Лукашэнкі, што без зменаў унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі чакаць змены палітыкі Еўрасаюза марна», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, каментуючы прыняцце новага санкцыйнага пакета ЕС.
У новым санкцыйным пакеце быў пашыраны спіс прадукцыі, забароненай да экспарту ў Беларусь. Таксама ЕС ўвёў дадатковыя абмежаванні на імпарт тавараў з Беларусі. Падрабязней пра іншыя дэталі санкцый у дачыненні да Беларусі за падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны можна азнаёміцца на сайце НАУ.
«Стаўленне цывілізаванага свету да рэжыму Лукашэнкі не змянілася. Яго па-ранейшаму выразна ўспрымаюць як саўдзельніка агрэсіі супраць Украіны. Пустыя словы Лукашэнкі пра жаданне міру, якія не падмацоўваюцца дзеяннямі, а наадварот — мы назіраем нарашчванне ваеннай падтрымкі рэжымам агрэсара, падрыхтоўку да агрэсіўных дзеянняў, успрымаюцца як хлусня.
Нягледзячы на тое, што рэжым кінуў каласальныя сілы на тое, каб прадухіліць новыя санкцыі, замарозіць іх ці хаця б аслабіць, — у дыктатара нічога не выйшла. Ціск не проста працягваецца, ён узмацняецца.
Колькі б рэсурсаў рэжым ні траціў на спробы дамовіцца, ілюзій у еўрапейцаў няма. Мы, у сваю чаргу, Кабінет, НАУ і іншыя ініцыятывы, працягнем дамагацца поўнага перакрыцця ўсіх схем абыходу санкцый і ўзмацнення ціску на дыктатуру з мэтай прымусіць яго спыніць злачынствы супраць беларускага і ўкраінскага народаў», — адзначыў Павел Латушка.



