Павел Латушка прыняў удзел у фестывалі «Беларуская гасцёўня» на Падляшшы
2026-07-19
З мая па верасень у гарадах, гмінных цэнтрах і вёсках па ўсім Падляшскім ваяводстве Польшчы праходзяць фестывалі беларускай песні і культуры. Арганізатарам фэстаў з’яўляецца Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, якое сёлета адзначыла сваё 70-годдзе. Гэтым разам адначасова з фестывалем «TUTAKA», у вёсцы Бандары ў гміне Міхалова прайшоў і фестываль «Беларуская гасцёўня», які праводзіцца ўжо 25 гадоў.
На фестывалі выступілі 14 рэгіянальных калектываў з розных гарадоў і вёсак Падляшша, сярод якіх — хор «Крыніца», які існуе ўжо 43 гады і быў заснаваны Беларускім грамадска-культурным таварыствам.
На фэсце таксама прысутнічаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка.
Падчас фестывалю адбылася сустрэча Паўла Латушкі з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Польшчы. У ходзе яе былі абмеркаваны магчымасці ўзаемнага супрацоўніцтва і падтрымкі беларусаў.
Раней Беларусь аказвала спрыянне ў развіцці культуры беларускай меншасці ў Польшчы. Аднак на дадзены момант дзяржава Беларусь адмовілася ад гэтай падтрымкі і практычна спыніла любую дапамогу беларускай меншасці ў Польшчы.
Павел Латушка падчас размовы са старшынёй праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Базылем Сегенем адзначыў важнасць аб’яднання беларускай дыяспары і беларускай меншасці ў правядзенні розных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і развіццё беларускай песні і культуры.
Фестывалі праходзяць пры падтрымцы Міністэртсва ўнутраных спраў і мясцовых уладаў Польшчы, за што Павел Латушка выказаў удзячнасць польскаму боку.
«Лічу вельмі важным, каб беларуская дыяспара, якая зараз пражывае ў Польшчы, ведала пра гэтыя мерапрыемствы. Гэта ўнікальная магчымасць наведваць беларускія культурныя падзеі ў Польшчы і азнаёміцца з беларускім народным мастацтвам. Перакананы, што кожны, хто цікавіцца беларускай культурай, атрымае вялікую асалоду ад прысутнасці на дадзеных мерапрыемствах», — адзначыў Павел Латушка.
Галоўнай падзеяй, якая падводзіць вынікі фэстаў, з’яўляецца гала-канцэрт Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня», на якім сёлета Павел Латушка заснаваў штогадовую прэмію найлепшаму выканаўцу.



