Адбылася супольная нарада па бяспецы
2026-07-10
У нарадзе ўзялі ўдзел Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, аб’яднання былых сілавікоў Беларусі BELPOL і міжнароднай экспертнай ініцыятывы iSANS.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі пытанні, звязаныя з магчымай эскалацыяй вакол Беларусі. Асобная ўвага была нададзена аналізу сітуацыі ў сферы рэгіянальнай бяспекі.
Удзельнікі адзначылі, што на сёння існуе шэраг прыкмет, якія могуць сведчыць пра падрыхтоўку рэжыму Пуціна да чарговага этапу эскалацыі. У сувязі з гэтым была выказана ацэнка, што існуе высокая верагоднасць уцягвання тэрыторыі Беларусі і рэжыму Лукашэнкі ў гэты сцэнар.
Таксама ўдзельнікі разгледзелі пытанні падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і камунікацыі з міжнароднымі партнёрамі. Асобны акцэнт быў зроблены на неабходнасці ўзмацнення працы з Украінай, а таксама на абмеркаванні таго, якім чынам беларускія дэмакратычныя сілы могуць аказваць Украіне практычную дапамогу.
Былі таксама абмеркаваныя магчымыя рэакцыі беларускіх дэмакратычных сіл на развіццё сітуацыі. Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб стварэнні пастаяннай працоўнай групы па пытаннях бяспекі, а таксама аб яшчэ больш шчыльнай каардынацыі паміж ключавымі структурамі беларускіх дэмакратычных сіл.



