Чаму выдаленне расійскіх прыкладанняў з App Store важнае для беларусаў
2026-07-03
❌ Блакіроўка расійскіх мэсэнджараў і інфармацыйных сэрвісаў — важнае пытанне бяспекі, інфармацыйнай гігіены і паступовага выхаду Беларусі з расійскай медыйнай прасторы. Чаму гэта важна для беларусаў, тлумачыць спецыялістка па стратэгічных камунікацыях Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні.
Чаму гэтыя абмежаванні патрэбныя
Выдаленне расійскіх прыкладанняў з App Store — значны крок у абмежаванні расійскага інфармацыйнага ўплыву. "Укантакце", "Аднакласнікі", “Mail.ru”, "Дзэн", “VK Music”, “VK Video”, “VK Messenger” даўно сталі часткай расійскай інфармацыйнай інфраструктуры. Праз іх распаўсюджваюцца крэмлёўскія наратывы, ваенная прапаганда, дэзынфармацыя і кантэнт, які ўтрымлівае людзей у расійскай медыйнай прасторы.
Асабліва ўразлівай робіцца беларуская культура, калі мы абіраем “тое, што даюць”, і спажываем настойліва навязанае алгарытмамі: музыку, відэа, мемы і штодзённыя інфармацыйныя патокі.Расійская масавая культура часта накрывае нас такой вялікай хваляй, што мы ўжо не заўважаем, як даўно і шчыльна яна прысутнічае ў нашых звычках, жартах, плэйлістах, стужках і спосабе ідэнтыфікаваць сябе і гаварыць пра навакольны свет.
І менавіта таму варта час ад часу спыняцца і пытаць сябе:
💙 што я выбіраю самастойна,
💙 а што проста трапляе да мяне, бо так пабудаваная інфармацыйная прастора вакол?
Такія санкцыі зніжаюць магчымасці Крэмля непасрэдна ўплываць на аўдыторыі праз звыклыя лічбавыя каналы. Чым менш у расійскай дзяржавы інструментаў для прысутнасці ў нашай штодзённай інфармацыйнай прасторы, тым больш месца застаецца для незалежнай інфармацыі, нацыянальнага кантэнту і ўласнай суб’ектнасці.
Асобна варта казаць пра мэсэнджар MAX. Расійскія ўлады прасоўваюць яго як “свой” інструмент камунікацыі замест заходніх платформаў. Таму свабода думкі, плюралізм меркаванняў, крытычнае мысленне нават не просочацца там. У такой логіцы ён становіцца часткай вялікай сістэмы кантролю, збору дадзеных і ўплыву на грамадскую думку. Таму ўсталёўваць яго на свае прылады — нават “толькі дзеля сувязі з роднымі” — небяспечнае рашэнне.
Як камунікаваць з роднымі бяспечна
Калі ў вас ёсць родныя ці сябры ў Расіі і праз праблемы з сувяззю, блакіроўкамі або складанасці з VPN яны просяць вас усталяваць MAX, не рабіце гэтага. Нават калі просьба выглядае вельмі бытавой: “ну проста пастаў, каб мы маглі нармальна размаўляць”. Клопат пра сувязь з блізкімі не павінен ператварацца ў рызыку для вашай бяспекі, прыватнасці і дадзеных.
Лепш адразу прапанаваць некалькі альтэрнатыўных каналаў сувязі. Напрыклад, выкарыстоўваць “Signal” або “WhatsApp” для асабістых размоў і кароткіх паведамленняў, электронную пошту — для важных дакументаў і інфармацыі, а “Google Meet”, “Zoom” або іншыя міжнародныя сэрвісы — для званкоў. Калі адзін канал працуе нестабільна, важна мець запасны сцэнар: асноўная сувязь у адным мэсэнджары, тэрміновыя паведамленні — у другім, дакументы — праз пошту.
Таксама можна дапамагчы родным разабрацца з базавай лічбавай бяспекай: наладзіць VPN, абнавіць існуючыя прыкладанні, дамовіцца пра некалькі спосабаў сувязі і не пераносіць важныя размовы ў сэрвісы, якія прасоўваюцца расійскай дзяржавай. Гэта можа заняць больш часу, чым проста ўсталяваць MAX, але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта значна больш бяспечна.Бясспрэчна, што сувязь з роднымі — гэта каштоўнасць. Але бяспечная сувязь патрабуе выбару бяспечных інструментаў, якія не ўмацоўваюць расійскую сістэму кантролю і распаўсюду прапаганды.
Калі мы адмаўляемся ад такіх інструментаў, мы вяртаем сабе права выбіраць, у якой інфармацыйнай прасторы жыць, каму давяраць і праз якія каналы камунікаваць з блізкімі. А для беларусаў гэта частка больш шырокага працэсу — выхаду з расійскага інфармацыйнага поля і аднаўлення ўласнай суб’ектнасці.
#дэкаланізацыя












