Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Унутраны тэрор — гэта зачыстка тылу для забеспячэння знешняй агрэсіі супраць Украіны

2026-06-24

«З маштабнай мілітарызацыі Беларусі вынікае геапалітычная аксіёма: без свабоднай і незалежнай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы», — намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка падчас брыфінгу для сябраў групы «Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу» (ALDE) у межах летняй сесіі ПАРЕ.

Падчас выступу Павел Латушка асабліва звярнуў увагу на тое, што з пачатку 2026 года фіксуецца бесперапынная ваенная актыўнасць па трох ключавых кірунках: армія, унутраныя войскі і тэрытарыяльная абарона.

Па лініі Узброеных Сіл: у студзені асабіста па даручэнні Лукашэнкі была запушчана маштабная раптоўная праверка баявой гатоўнасці, якая праходзіла таемна. У сакавіку прайшлі комплексныя тактычныя вучэнні войскаў Заходняга аператыўнага камандавання каля межаў ЕС. У траўні на тэрыторыі краіны прайшлі сумесныя вучэнні з Расіяй па прымяненні тактычнай ядзернай зброі.

Павел Латушка адзначыў, што быў вылучаны шэраг ключавых прыкмет таго, што рэжым Лукашэнкі вядзе актыўную падрыхтоўку да прамога ўступлення ў ваенны канфлікт.

Паралельна па лініі МУС і Унутраных войскаў вядзецца жорсткая падрыхтоўка да падаўлення любога супраціву ва ўмовах вядзення вайны.

Па лініі Тэрытарыяльнай абароны з 12 траўня разгорнуты мабілізацыйныя зборы з фарміраваннем мясцовых частак з рэзервістаў.

«Акрамя таго, важна адзначыць, што з сакавіка 2025 года не было прынята ніводнага пакета санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Пры гэтым маштаб рэпрэсій у Беларусі беспрэцэдэнтны. Праз затрыманні прайшлі больш за 60 тысяч чалавек. З палітычна матываваным крымінальным пераследам сутыкнуліся каля 10 тысяч чалавек, амаль 8,5 тысяч былі асуджаныя.

Нядаўняе прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Літве "экстрэмісцкай арганізацыяй" выклікала хвалю пераследу студэнтаў і іх сваякоў. На дадзены момант паведамляецца як мінімум пра 60 ператрусаў па ўсёй Беларусі.

Гэты жорсткі ўнутраны тэрор наўпрост забяспечвае знешнюю агрэсію. Татальнае падаўленне грамадства, ліквідацыя незалежных медыя і знішчэнне сектара НКА дазволілі Лукашэнку ізаляваць унутраны супраціў і прадаставіць беларускую тэрыторыю, інфраструктуру і паветраную прастору расійскай арміі. Унутраны тэрор — гэта зачыстка тылу для забеспячэння знешняй агрэсіі супраць Украіны»
, — адзначыў Павел Латушка.

Падчас брыфінгу Павел Латушка заклікаў сябраў групы ALDE лабіраваць ва Урадах сваіх краін, каб яны падтрымалі расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі». А таксама падтрымліваць інстытуты дэмакратычных сіл, незалежныя медыя і блогераў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Main carousel image