Павел Латушка перадаў МЗС Украіны дэталёвы даклад аб тым, як Лукашэнка сістэмна рыхтуе Беларусь да вайны
2026-06-22
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў афіцыйны ліст міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу. Дакумент стаў развіццём майскіх дамоўленасцей падчас рабочага візіту ў Кіеў. Да ліста прыкладзены маштабны 30-старонкавы даклад Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, які фіксуе поўную трансфармацыю Беларусі ў ваенны плацдарм Расійскай Федэрацыі.
На аснове сабраных дадзеных НАУ вылучыла шэраг ключавых прыкмет таго, што рэжым Лукашэнкі вядзе актыўную падрыхтоўку да прамога ўступлення ў ваенны канфлікт альбо прадастаўлення тэрыторыі для новых удараў:
1. Легалізацыя «прэвентыўных удараў». Рэжым унёс ключавыя змены ў заканадаўства, якое тычыцца ваеннай сферы. На так званым рэферэндуме была зменена Канстытуцыя, у выніку чаго Беларусь перастала быць нейтральнай і бяз’ядзернай краінай. Новая Ваенная дактрына, прынятая ў 2024 годзе, афіцыйна дазваляе наносіць прэвентыўныя ўдары пры «непасрэднай пагрозе» (якая можа быць інтэрпрэтаваная як нават канцэнтрацыя войскаў каля межаў альбо іншыя пагрозы нацыянальнай бяспекі) і адпраўляць беларускую армію за мяжу.
2. Маштабнае разгортванне сіл. Колькасць кантрактнікаў з 2022 года вырасла ў 1,5 раза, мабілізацыйны рэзерв ацэньваецца ў 289 тысяч чалавек. На ўкраінскім кірунку ствараецца Паўднёвае аператыўнае камандаванне (агульная колькасць войскаў можа вырасці больш за 80 тысяч), ствараецца таксама «народнае апалчэнне». Актыўна пераймаецца расійскі досвед: укаранёны СМС-позвы, дазволена прыймаць у армію зняволеных.
3. Ваенныя рэйкі для эканомікі. За чатыры гады абаронныя выдаткі бюджэту выраслі ў 5 разоў. ВПК Беларусі цалкам інтэграваны з расійскім, уведзены татальны рэжым сакрэтнасці. Толькі за 2024 год на ўзбраенне прынята больш за 4 тысяч новых адзінак ваеннай тэхнікі.
4. Ядзерная зброя і ПВК «Вагнер». Інтэграцыя з арміяй РФ выйшла на пік: у Беларусі на пастаяннай аснове дыслакуюцца расійскія войскі, размяшчаецца тактычная ядзерная зброя і ракетны комплекс «Арэшнік». Беларускіх вайскоўцаў навучаюць інструктары ПВК «Вагнер».
5. «Лінія Хрэніна» і мілітарызацыя дзяцей. Удоўж межаў з Украінай, Польшчай і Літвой будуюцца лініі абароны. Інфраструктура (масты, аэрадромы) мадэрнізуецца пад цяжкую тэхніку РФ. У школах уведзена абавязковая ваенная падрыхтоўка, а дзесяткі тысяч дзяцей абавязкова павінны проходзіць праз спецыяльныя ваенна-патрыятычныя лагеры.
6. Мабілізацыя медыцыны і цывільнага сектара. Міністэртва аховы здароўя Беларусі ўжо зацвердзіла інструкцыі для жорсткага сартавання параненых ва ўмовах ваеннага часу. У Мінску правялі рэвізію 5 тысяч бомбасховішчаў, рэгулярна тэстуюцца сістэмы апавяшчэння, а для патрэб апалчэння на раённых узроўнях масава закупляюць бранекамізэлькі.
7. Накапленне стратэгічных рэсурсаў. Абавязковыя рэзервы нафтапрадуктаў павялічаны ўдвая (да 30 дзён захоўвання). Мінабароны пашырыла спісы цывільнай тэхнікі, якая падлягае мабілізацыі падчас вайсковага стану. А згодна з нядаўняй пастановай Савета Міністраў ад 15 мая 2026 года №249, цывільны аўтатранспарт прадпрыемстваў можа прымусова фармаваць у ваенныя аўтакалоны.
8. Перманентныя вучэнні. У 2026 годзе рэжым працягвае практыку бесперапынных маштабных ваенных манёўраў. Гэта выкарыстоўваецца для схаванай верыфікацыі мабілізацыйных спісаў і падтрымання высокага ўзроўню псіхалагічнага напружання ў грамадстве.
Перададзены ўкраінскаму боку даклад змяшчае не толькі фіксацыю гэтых небяспечных тэндэнцый, але і канкрэтныя рэкамендацыі па прадухіленні горшага сцэнарыя і стрымліванні агрэсіўных амбіцый рэжыму Лукашэнкі.



