З нагоды Дня медыцынскага работніка прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская звярнулася да беларускіх медыкаў
2026-06-21
"Вы працягваеце аказваць дапамогу людзям, нягледзячы на ўсё большы ціск з боку чыноўніцкай сістэмы. У працу аховы здароўя ўсё больш умешваюцца намеснікі галоўных урачоў па ідэалогіі і дзяржаўнай бяспецы — людзі, якія не маюць дачынення да медыцыны і не нясуць адказнасці за яе вынікі.
У 2020 годзе многія медыцынскія работнікі выступілі супраць гвалту. Для вас гэта была натуральная гуманістычная рэакцыя. Многія пацярпелі ад рэпрэсій, многія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
Але яшчэ больш медыкаў засталося ў краіне. Нягледзячы на ціск, маўчанне і беспраўе, вы працягваеце несці адказнасць за здароўе і жыццё людзей і выконваць сваю высакародную працу.
У гэты дзень мы выказваем удзячнасць усім медыцынскім работнікам — і тым, хто быў вымушаны з'ехаць, і тым, хто працягвае працаваць у Беларусі.
Вашы веды, прафесіяналізм і жаданне дапамагаць людзям патрэбныя і сёння, і ў будучай дэмакратычнай Беларусі". (с)



