Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская прыняла ўдзел у сустрэчы беларускіх дэмакратычных і грамадзянскіх арганізацый з дырэктарам па Усходняй Еўропе Міністэрства замежных спраў Італіі Эмануэле дэ Майгрэ
2026-06-19
Падчас сустрэчы Вольга Зазулінская звярнула ўвагу на неабходнасць падтрымкі беларусаў, якія праз рэпрэсіі, вайну і вымушаную эміграцыю апынуліся без звыклых дзяржаўных гарантый і сістэмнай абароны.
Асобна была падкрэсленая важнасць дапамогі не толькі палітвязням і іх сем’ям, але і тым, хто ўжо выйшаў на волю, беларусам у выгнанні, а таксама былым добраахвотнікам, якія маюць патрэбу ў медыцынскай, псіхалагічнай і сацыяльнай рэабілітацыі.
Таксама абмяркоўвалася неабходнасць стварэння асобных праграм рэабілітацыі для былых беларускіх добраахвотнікаў.«У сітуацыі, калі беларусы часта застаюцца сам-насам з наступствамі рэпрэсій, вайны і эміграцыі, наша задача — ствараць механізмы падтрымкі, каб ніхто не заставаўся без дапамогі»,
— адзначыла Вольга Зазулінская.
Сустрэча адбылася 18 чэрвеня ў Вільнюсе і была прысвечаная падтрымцы беларускіх дэмакратычных ініцыятыў, грамадзянскай супольнасці і беларусаў, якія вымушана знаходзяцца за межамі краіны.



