11 пакетаў прапаноў перададзена Украіне для ўвядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі
2026-06-19
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў санкцыйныя прапановы Упаўнаважанаму Прэзідэнта Украіны по санкцыйнай палітыцы Уладзіславу Власюку і МЗС Украіны — у працяг дамоўленасцяў, дасягнутых падчас сустрэч у Кіеве 25 мая 2026 года.
Украінскім партнёрам прапанавана узмацніць эканамічны і персанальны ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку па наступных кірунках:
Удар па прапагандзе. Перададзены абгрунтаванні для ўвядзення санкцый супраць 4 галоўных дзяржмедыя Беларусі, якія да гэтага часу пазбягаюць абмежаванняў: АНТ, СТВ, Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» і БЕЛТА. На гэтых пляцоўках сістэмна распальваюць нянавісць да Украіны, а таксама даюць эфір прарасійскім калабарантам з Украіны (Мікалаю Азараву, Арцёму Дмітруку, Дыяне Панчанка). У чорны спіс таксама прапанавана ўнесці 22 канкрэтных прапагандыстаў рэжыму.
Санкцыі за ўнутраныя рэпрэсіі. Татальны тэрор унутры Беларусі — гэта інструмент, з дапамогай якога Лукашэнка ўтрымлівае кантроль і забяспечвае Расіі бяспечны тыл, лагістычны хаб і рамонтную базу. Больш за 200 беларускіх палітвязняў (амаль шостая частка ад агульнай колькасці) адбываюць тэрміны менавіта за салідарнасць з Украінай: «рэйкавыя партызаны», актывісты «Беларускага Гаюна», тыя, хто падтрымліваў данатамі Украіну і тыя, хто публічна выступіў супраць вайны. Украінскаму боку былі перададзены спісы суддзяў, кіраўніцтва адміністрацыі Лукашэнкі і супрацоўнікаў турмаў, адказных за гэтыя рэпрэсіі.
Па выніках сустрэчы з Міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігай, унесены прапановы аб увядзенні абмежаванняў супраць «Саюзнай дзяржавы». У падрыхтаваных НАУ матэрыялах абгрунтавана неабходнасць увядзення санкцый супраць інстытутаў і асоб, звязаных з так званай Саюзнай дзяржавай Расіі і Беларусі. Менавіта ў межах гэтага аб’яднання каардынавалася ваеннае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе, зацвярджалася размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама афіцыйна фінансавалася і арганізоўвалася незаконная дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
«Пазбаўленне рэжыму Лукашэнкі эканамічных і палітычных рэсурсаў прама ўплывае на яго здольнасці падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны і здзяйсняць рэпрэсіі ўнутры краіны. Аднаўленне суверэннай, дэмакратычнай Беларусі — адзіны надзейны гарант доўгатэрміновай бяспекі як для Украіны, так для і ўсёй Еўропы», — падкрэсліў Павел Латушка.
Усяго ўнесена 11 пакетаў прапаноў з канкрэтнымі абгрунтаваннямі для ўвядзення санкцый супраць прадпрыемстваў, чыноўнікаў, суддзяў, кіраўнікоў прадпрыемстваў ВПК і прапагандысцкіх структур.



