Украіне перададзена інфармацыя пра дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
2026-06-18
У развіццё дамоўленасцей, дасягнутых падчас рабочай паездкі ў Кіеў і сустрэчы з кіраўніцтвам украінскага Координаційного штабу з питань поводження з військовополоненими, намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам у Каардынацыйны штаб перададзена інфармацыя пра ўкраінскіх дзяцей, незаконна перамешчаных з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, а таксама пра здзяйсненне ў дачыненні да іх індактрынацыі.
Дадзеныя матэрыялы былі сабраны камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў межах працы, накіраванай на прыцягненне Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да адказнасці за здзейсненае ваеннае злачынства — дэпартацыю і далейшую індактрынацыю на тэрыторыі Беларусі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны.
Матэрыялы перададзены па просьбе ўкраінскага боку ў мэтах далейшай працы, накіраванай на вяртанне ўкраінскіх дзяцей ва Украіну.
Адначасова ў развіццё ўзаемадзеяння з Каардынацыйным штабам на гэты момант вядзецца падрыхтоўка да рэалізацыі сумеснага праекта на базе інфармацыйнага рэсурсу «Stop Russian Recruiting». Гэта звязана з тым, што пры падтрымцы нелегітымных уладаў Беларусі грамадзяне Беларусі падпісваюць кантракты з узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі і ў далейшым удзельнічаюць у баявых дзеяннях супраць Украіны.



