Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулай, а таксама ўсім пацярпелым у выніку трагічнага інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

2026-06-17

Мы жадаем хутчэйшага выздараўлення ўсім параненым і заклікаем забяспечыць ім усю неабходную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.

Звяртаем асаблівую ўвагу на той прыкры факт, што група беларускіх дзяцей знаходзілася ў рэгіёне, які непасрэдна мяжуе з зонай баявых дзеянняў і рэгулярна падвяргаецца пагрозам, звязаным з узброеным канфліктам.

Дзеці не павінны станавіцца закладнікамі вайны, прапаганды або палітычных маніпуляцый. Бяспека грамадзян, асабліва непаўналетніх, павінна быць безумоўным прыярытэтам для ўсіх датычных да арганізацыі падобных выездаў.

Адказныя беларускія чыноўнікі павінны даць публічныя тлумачэнні, кім і чаму былі прыняты рашэнні аб арганізацыі паездак беларускіх дзіцячых груп праз тэрыторыі і рэгіёны, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да зоны ўзброенага канфлікту.

Мы таксама заклікаем беларусаў устрымацца ад наведвання Расійскай Федэрацыі і акупаваных тэрыторый Украіны, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да эпіцэнтра баявых дзеянняў, што можа пагражаць здароўю і бяспецы беларускіх грамадзян і іх дзяцей.

З улікам існавання арганізаваных турыстычных тураў з Беларусі асобную ўвагу звяртаем таксама на той факт, што несанкцыянаванае наведванне акупаваных тэрыторый Украіны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь праз расійскую тэрыторыю можа мець для іх прававыя наступствы з боку дзяржавы Украіна.

Аб'яднаны Пераходны Кабінет сочыць за развіццём сітуацыі і рашуча асуджае выкарыстанне дадзенага інцыдэнту ў якасці інфармацыйнай правакацыі супраць Украіны для фармавання адпаведнай устаноўкі ў грамадзян Рэспублікі Беларусь. Уся адказнасць за падобныя выпадкі ляжыць на краіне-агрэсары — Расійскай Федэрацыі — і тых асобах, якія не паклапаціліся ў належнай ступені пра бяспеку беларускіх дзяцей і тых, хто іх суправаджаў.

Жыве Беларусь!
Варшава, 17 чэрвеня 2026 года

@CabinetBelarus

Main carousel image