Павел Латушка прапанаваў канкрэтныя крокі на еўрапейскім узроўні для вырашэння праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў
2026-06-16
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка звярнуўся да Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў у сувязі з праблемай, з якой працягваюць сутыкацца беларусы ў Еўрасаюзе. Гаворка ідзе пра перашкоды пры адкрыцці і выкарыстанні банкаўскіх рахункаў для людзей, якія чакаюць рашэння па легалізацыі свайго статусу.
Сітуацыя істотна ўскладнілася пасля прыняцця Лукашэнкам указу № 278, які забараняе беларусам атрымліваць і абнаўляць пашпарты за межамі краіны. У выніку многія беларусы ў ЕС апынуліся без дзеючых дакументаў.
У сваім звароце Павел Латушка адзначыў, што беларусы трапілі ў прававую пастку. У шэрагу краін ЕС працэс атрымання або падаўжэння дазволу на жыхарства, у тым ліку праз працэдуры міжнароднай абароны, займае ад 6 да 24 месяцаў. Увесь гэты час чалавек знаходзіцца ў краіне легальна на падставе штампа, часовага пасведчання або іншага дакумента, які пацвярджае падачу заявы. Аднак фармальна ён яшчэ не мае пластыкавай карты ВНЖ, хоць і не атрымаў адмовы. У выніку камерцыйныя банкі праз празмерна асцярожнае трактаванне правілаў, блакуюць доступ да мабільных праграм, картак і іншых банкаўскіх сэрвісаў для найбольш уразлівай катэгорыі беларусаў.
Павел Латушка падкрэсліў, што такая практыка супярэчыць гуманітарным прынцыпам ЕС і артыкулу 16 Дырэктывы аб плацежных рахунках (2014/92/EU — PAD), якая гарантуе права на базавы плацежны рахунак усім легальным рэзідэнтам Еўрасаюза, уключаючы асоб, якія шукаюць міжнародную абарону, і тых, чый статус яшчэ разглядаецца.
Для вырашэння сітуацыі Павел Латушка прапанаваў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў разгледзець наступныя крокі:
1️⃣ выпусціць афіцыйныя тлумачэнні, якія пацвярджаюць, што асобы, якія чакаюць ВНЖ або міжнароднай абароны і маюць адпаведныя дакументы ад нацыянальных улад, павінны разглядацца нароўні з асобамі, якія ўжо атрымалі дазвол на жыхарства;
2️⃣ прызнаць праязны дакумент замежніка і часовае пасведчанне асобы замежніка дастатковай падставай для вызвалення ад абмежаванняў;
3️⃣ рэкамендаваць банкам не абмяжоўваць доступ да мабільных праграм і плацежных інструментаў на перыяд чакання дакументаў, калі легальнасць знаходжання чалавека ў краіне афіцыйна пацверджана.



