Падчас праграмы IVLP Дзярждэпартамента ЗША Ірэна Кацяловіч вывучала, як культура працуе ў амерыканскіх гарадах і супольнасцях.
2026-06-12
Вось 5 назіранняў, якія могуць быць карыснымі для будучай Беларусі 👇👇👇
1️⃣ У ЗША культура разумеецца як натуральны рухавік эканамічнага развіцця.
Культурніцкія лакацыі становяцца цэнтрамі эканамічнай актыўнасці і прыцягваюць бізнес і турыстаў. І вялікія гарады, як сталіца джаза Новы Арлеан, і маленькія мястэчкі, як Кейсі ў Паўднёвай Караліне, мэтанакіравана інвестуюць у культуру, каб паляпшаць дабрабыт.
Мясцовыя арганізацыі збіраюць статыстыку пра рост занятасці ў крэатыўным сектары, павелічэнне даходаў ад турызму і кароткатэрміновай арэнды. У Вашынгтоне я чула аргумент, што музыка дзейнічае як псіхалагічная тэрапія і зніжае нагрузку на сістэму аховы здароўя. У Новым Арлеане бачыла слоган: «У Луізіяне культура значыць бізнес».
Тут пераважае практычны падыход да культуры, які добра працуе ў дыялогу з уладамі. Пры гэтым рашэнні ў большай ступені залежаць ад выбаршчыкаў, а ў некаторых штатах людзі могуць непасрэдна галасаваць за бюджэтныя прыярытэты.
2️⃣ У адрозненне ад еўрапейскіх краін, культура тут не грае нацыяўтваральнай ролі.
Гэта звязана з гісторыяй ЗША як краіны розных нацыянальнасцяў. Аб'ядноўвала яе не культура, а каштоўнасці свабоды і імкнення да шчасця.
Таму на федэральным узроўні няма Міністэрства культуры, а падыходы да падтрымкі культуры адрозніваюцца ад штата да штата. Праз розніцу ў гістарычным досведзе амерыканскім калегам бывае складаней зразумець, чаму культура для Беларусі з'яўляецца часткай нацыянальнай бяспекі ва ўмовах пастаяннага ціску на ідэнтычнасць з боку Расіі. Найбліжэйшая паралель для іх — амерыканскі патрыятызм.
3️⃣ Грамадзянская супольнасць разумее сваю адказнасць за культуру.
У ЗША няма Міністэрства культуры, таму вялікую ролю адыгрываюць прыватныя і грамадскія арганізацыі. Гэты падыход шмат у чым нагадвае беларускую эміграцыю.
Розніца ў тым, што амерыканскія культурніцкія арганізацыі могуць атрымліваць дзяржаўныя гранты сваёй краіны. Яны захоўваюць спадчыну, развіваюць мастацтва і лакальныя жанры, у тым ліку джаз, ствараюць магчымасці для творцаў, збіраюць калекцыі і бібліятэкі, абараняюць правы аўтараў.
За гэтым стаяць прафесійныя каманды і ўстойлівыя арганізацыі з досведам у дзясяткі гадоў.
4️⃣ Прыватнае фінансаванне культуры — звычайная практыка.
Паказальны прыклад — Нацыянальны чэска-славацкі музей і бібліятэка ў Сідар-Рапідсе. Яго бюджэт складае каля 2,5 мільёна долараў у год, і 90% гэтых сродкаў — прыватныя ахвяраванні.
Музей падтрымліваюць нашчадкі выхадцаў з Чэхіі і Славакіі. Такая культура донарства дазваляе існаваць вялікай колькасці культурніцкіх арганізацый і праектаў.
Менавіта гэтай традыцыі сёння не хапае беларусам у эміграцыі. Пакуль што мы больш гаворым пра асобныя прыклады, чым пра ўстойлівую з'яву.
5️⃣ Свабода выказвання стварае разнастайнасць.
Свабода дазваляе людзям развіваць уласныя сістэмы каштоўнасцяў, а разам з імі — самабытныя супольнасці і лакальныя ідэнтычнасці.
Горад Фэйрфілд у штаце Аёва стаў вядомым дзякуючы паслядоўнікам Руху трансцэндэнтальнай медытацыі, адным з якіх быў Дэвід Лінч. Гэты рух не ператварыўся ў культ, а прыцягнуў прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў арт-сцэны і IT-сектара, зрабіўшы горад прыкладам таго, як унікальная ідэнтычнасць спрыяе развіццю.
Іншы прыклад — супольнасці менанітаў і амішаў. Яны захоўваюць свой лад жыцця, але пры гэтым паспяхова ўзаемадзейнічаюць з грамадствам праз фермерства, рамёствы і сямейны бізнес.
У ЗША мясцовыя арганізацыі свядома падтрымліваюць і развіваюць лакальную ідэнтычнасць. Для мяне гэта стала адным з найбольш яскравых прыкладаў таго, як свабода стварае здаровую разнастайнасць.



