Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Літва захоўвае пазіцыю пра неабходнасць працягу санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі

2026-05-23

Падчас працоўнай паездкі ў Вільню намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка таксама правёў сустрэчы з галоўнай дарадцай Прэзідэнта па пытаннях знешняй палітыкі спадарыняй Астай Скайгірыце, з галоўным дарадцам Прэм’ер-міністра Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Відмантасам Каладзінскасам і дырэктарам Дэпартамента Усходняй Еўропы МЗС Літвы Мантасам Якімавічусам. У перамовах прынялі ўдзел дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі і намесніца кіраўніцы міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады Ірына Халопіца.

Адбыўся абмен думкамі з ацэнкай сітуацыі ў Беларусі. Павел Латушка праінфармаваў прадстаўнікоў літоўскага боку пра рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, пра важнасць захавання санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду Беларусі.

Павел Латушка адзначыў, што мы заўсёды выходзілі з таго, што Літва была, ёсць і будзе стратэгічным партнёрам дэмакратычных сіл Беларусі ў падтрымцы дэмакратычных змен у нашай краіне.

Асобна намеснік кіраўніцы Кабінета падзякаваў за тое, што літоўскі бок аказвае дапамогу палітзняволеным, якія вызваляюцца і пасля дэпартуюцца на тэрыторыю Літвы.

Павел Латушка падзякаваў прадстаўнікам Літвы за прынцыповую пазіцыю ў пытаннях прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў за злачынствы супраць чалавечнасці. Было абмеркавана далейшае ўзаемадзеянне па пытанні прадстаўлення доказаў і лабіявання падтрымкі іншых краін-сябраў Еўрапейскага саюза расследавання «беларускай сітуацыі» пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда.

Падчас сустрэч з прадстаўнікамі Літвы была пацверджана прынцыповая пазіцыя па захаванні санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з тым, што рэжым не ідзе на сістэмныя змены сваёй унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі, працягваючы падтрымліваць агрэсію супраць Украіны.

Было адзначана, што для выхаду з глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі мы прапаноўваем рэальны інстурмент — Круглы стол. Дадзеная ініцыятыва была падтрымана літоўскім бокам.

Літоўскія калегі пацвердзілі, што пазіцыя Прэзідэнта, прэм’ер-міністра і ўрада застаецца цалкам сінхранізаванай з агульнаеўрапейскім курсам на ціск на рэжым. Было падкрэслена, што ніякіх паслабленняў або змякчэння санкцый не павінна адбывацца без канкрэтных крокаў з боку Лукашэнкі.

Абмеркаваныя таксама магчымасці выкарыстання іншых міжнародных механізмаў правасуддзя для прыцягнення рэжыму да адказнасці за злачынствы, якія здзяйсняюцца як у дачыненні да Украіны і ўкраінскага народа, так і ў дачыненні да Літвы.

«Па выніках сустрэч з кіраўніцтвам Парламента Літвы, у канцылярыі Прэзідэнта, у канцылярыі Прэм’ер-міністра, у Міністэрстве замежных спраў і ў Міністэрстве юстыцыі Літвы важна адзначыць, што Літва захоўвае пазіцыю пра неабходнасць працягу санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама будзе падтрымліваць ініцыятывы, звязаныя з прыцягненнем да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы», — адзначыў Павел Латушка.

@CabinetBelarus

Main carousel image