Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Наша стратэгічная задача — сістэмныя змены, каб у Беларусі больш ніколі не было палітзняволеных

2026-05-22

«Мы прапанавалі формулу пераходу да дыялогу — нацыянальны дыялог у фармаце Круглага стала. Калі Лукашэнка хоча нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам, ён павінен пачаць дыялог з грамадствам і пачаць дэкрыміналізаваць грамадска-палітычнае жыццё», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас выступу на ІІІ Кангрэсе па палітзняволеных у Беларусі ў Вільні на панэльнай дыскусіі «Ціск і падтрымка: як можа міжнародная супольнасць эфектыўна ўплываць на рэжым у Мінску?».

Падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што перад тым, як ставіць пытанне «ці мінуў час ціску?», варта спачатку адказаць на іншыя, пакуль не вырашаныя пытанні:

• Ці вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя?

• Ці скончылася вайна Расіі супраць Украіны, суўдзельнікам якой з’яўляецца рэжым Лукашэнкі?

• Ці спыненыя рэпрэсіі ў Беларусі і за яе межамі?

• Ці пачаў рэжым дыялог з беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі?

На ўсе гэтыя пытанні адказ — не.

Намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў, што гэта азначае, што час ціску не мінуў. А той, хто сцвярджае адваротнае, проста адмаўляе відавочную рэальнасць.

Павел Латушка адзначыў, што санкцыі ніколі не былі і не з’яўляюцца самамэтай. Санкцыі – гэта не проста пакаранне, гэта інструмент уплыву. Было падкрэслена, што мэтамі з’яўляюцца:

• скарачэнне магчымасцяў і рэсурсаў абодвух агрэсараў для вядзення войнаў;

• пакаранне агрэсараў як праз эканамічныя інструменты (такія як санкцыі), так і праз інструменты міжнароднага правасуддзя;

• скарачэнне патэнцыялу і прымушэнне рэжыму Лукашэнкі да змены яго палітыкі;

• прыцягненне Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да адказнасці.

Галоўная мэта – палітычныя змены ў Беларусі і выхад нашай краіны з таго глыбокага крызісу, у які яе пагрузіў рэжым Лукашэнкі.

Падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што ў сваёй стратэгіі мы адразу прапануем рэжыму рашэнне — Круглы стол.

«Пазіцыя Кабінета вельмі канкрэтная. Мы прапануем падтрымліваць амерыканцаў у іх камунікацыі і дабівацца вызвалення ўсіх палітзняволеных і спынення рэпрэсій. Еўрапейскі саюз не павінен уключацца ў гэты працэс, а мусіць ставіць вельмі дакладныя ўмовы Лукашэнку — пачні дыялог з грамадствам. Мы хочам сістэмных змен, таму што перад намі стаіць найважнейшая задача — і тут няма ніякіх дыскусій — выратаваць жыцці людзей, але ў нас ёсць і стратэгічная задача — дасягнуць сістэмных зменаў, каб у Беларусі больш ніколі не было палітзняволеных».

@CabinetBelarus

Main carousel image