Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Аляксей Грахоўскі: «Прага да свабоды, якую мы ўбачылі ў маладых беларусаў і беларусак у дваццатым годзе, нікуды не знікла»

2026-05-20

Намеснік Прадстаўніцы па моладзевай палітыцы і студэнцтву Аляксей Грахоўскі распавёў пра познаньскі моладзевы сайд-івэнт "Няскоранае пакаленне" III Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause:

«На івэнце мы паглынуліся ў гісторыі, перажыванні, боль і надзеі маладых беларусаў і беларусак, якія прайшлі праз рэпрэсіі.

Прэзентаваная кніга "Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020", зборнік эсэ, аўтарамі якіх з'яўляюцца маладыя рэпрэсаваныя беларусы і беларускі – гэта гісторыі, якія мусяць быць пачутымі. Вельмі важна выдаваць, перакладаць і распаўсюджваць такія працы, каб паказаць свету, што за кожнай лічбай у колькасці палітзняволеных у Беларусі стаяць жывыя людзі, за свабоду якіх неабходна змагацца.

На панэлі пра ролю моладзі і студэнцтва ў пратэстах 2020 года мы не толькі адрэфлексавалі пра мінулае, але таксама ўзнялі цяперашнія патрэбы беларускай моладзі ў эміграцыі.

Моладзь імкнецца працягваць вучобу, прафесійны рост і будаваць сваю будучыню, аднак сутыкаецца з сур'ёзнымі выклікамі. Са складанасцямі легалізацыі, інтэграцыі ў грамадства і доступам да рынкаў працы.

Наша задача як прадстаўніцтва па моладзевай палітыцы – зрабіць жыццё беларускай моладзі лепшым. Мы працуем над тым, каб працэсы легалізацыі былі больш хуткімі і прасцейшымі. А таксама заўсёды радыя кансультаваць наконт паступлення ў ВНУ і пошуку працы.

На мой погляд, вельмі важнай думкай было тое, што прага да свабоды, якую мы ўбачылі ў маладых беларусаў і беларусак у дваццатым годзе, нікуды не знікла. Рэжыму не атрымалася і ніколі не атрымаецца яе знішчыць».

#WithoutJustCause
#StandWithBelarus
@CabinetBelarus

Main carousel image