Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Юлія Міцкевіч: Змагацца за правы ЛГБТК+ — значыць змагацца за саму ідэю таго, что правы нельга забраць

2026-05-17

У Міжнародны дзень барацьбы супраць гамафобіі, трансфобіі і біфобіі, які адзначаецца сёння, першая намесніца кіраўніцы Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч расказала, чаму важна змагацца за правы людзей ЛГБТК+:

«Я прыйшла ў праваабарону ў 2001 годзе. І многія здзіўляюцца, калі даведваюцца, з чаго менавіта я пачынала — не з абароны правоў жанчын, не з гендарнай роўнасці, хоць гэтыя тэмы сталі важнай часткай майго шляху пазней. Я пачынала з абароны правоў ЛГБТК+ людзей.

Я не належу да гэтай супольнасці непасрэдна. Але побач са мной былі мае дарагія сябры і сяброўкі, якія былі яе часткай. І я бачыла — не ў абстракцыі, не ў статыстыцы, а ў жывых тварах — праз што ім даводзілася праходзіць. Бачыла, як чалавек, разумны, добры, поўны жыцця, вучыцца быць нябачным. Вучыцца хаваць сябе. Вучыцца ўсміхацца там, дзе ўнутры — боль.

Мне ад гэтага балела. Балела ад адчаю. Ад несправядлівасці. Ад таго, што я не магла знайсці ніводнага разумнага тлумачэння — чаму. Чаму гэты чалавек павінен баяцца быць сабой? Што ён зрабіў не так? Каму ён прычыніў шкоду?

Адказу не было. Таму што яго няма.

Любоў — гэта заўсёды любоў. Гэта пачуццё, на якое мае права кожны і кожная. Кожны чалавек, народжаны на гэтай зямлі, заслугоўвае права любіць і быць любімым — без дазволу дзяржавы, без страху, без сораму, які ў яго ўклалі іншыя.

Але не ў нашай краіне. На жаль.

У Беларусі — і дваццаць пяць гадоў таму, і сёння — улада належыць рэжыму, які лічыць сябе ўправе вырашаць за нас. За ўсіх нас. Вырашаць, якое каханне сапраўднае, а якое — не. Якая сям’я законная, а якая — злачынная. Які чалавек варты абароны закона, а які павінен хавацца і маўчаць.

Гэта не традыцыя. Гэта не мараль. Гэта — кантроль. Інструмент падаўлення, які рэжым ужывае выбарачна, але паслядоўна: спачатку супраць адных, потым супраць другіх. Таму што любая ўлада, якая вырашае, хто з грамадзян варты правоў, — гэта ўлада, якой правы грамадзян не патрэбныя зусім.

Я пачала працаваць у тэме абароны правоў ЛГБТК+ людзей у 2001 годзе. І з таго часу не змяніла сваёй пазіцыі.

Змагацца за правы гэтай сацыяльнай групы — значыць змагацца за саму ідэю таго, што правы неадчужальныя. Што яны не дорацца ўладай і не адбіраюцца ёю. Што чалавечая годнасць не патрабуе адабрэння зверху.

У Беларусі, па-сапраўднаму дэмакратычнай, кожная і кожны жывуць без страху быць сабой. Я ў гэта веру, і на гэтым пабудавана мая работа ў Кабінеце кожны дзень — рабіць усё вышэйсказанае тым, што працуе».

@CabinetBelarus

Main carousel image