Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

17 траўня — міжнародны дзень роўнасці

2026-05-17

Міжнародны дзень роўнасці — або дзень барацьбы з гамафобіяй, біфобіяй і трансфобіяй — гэта зусім не пра прапаганду аднаполых стасункаў ці разбурэнне маралі, як сцвярджае беларуская прапаганда. Гэта не пра знішчэнне традыцыйных каштоўнасцяў і не пра здзек са здаровага сэнсу. Гэта — пра ўзаемапавагу і адсутнасць дыскрымінацыі людзей па іх сэксуальнай арыентацыі або нетыповай гендарнай ідэнтычнасці.

Не сакрэт, што прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці ў Беларусі — адна з найбольш дыскрымінаваных груп. Яны церпяць здзекі як з боку сілавых службаў, так і з боку «пільных» грамадзян. У краіне нават з’явіўся спецыяльны закон супраць прапаганды нетрадыцыйных каштоўнасцяў, які нагадвае сумна вядомыя савецкія пастановы. Па прыкладзе «старэйшага брата» з кнігарняў выкідваюць выданні з апісаннямі аднаполых стасункаў — нават сусветную класіку.

Сучасная беларуская дзяржава глыбока ўмешваецца ў прыватнае жыццё людзей: дзе чалавек працуе, у якіх стасунках знаходзіцца, што носіць і як жыве. Усё гэта падаецца як захаванне традыцыйных каштоўнасцяў, хаця насамрэч — спроба татальнага кантролю.

Але мы роўныя. Кожны з нас заслугоўвае павагі і абароны базавых правоў. Бо там, дзе парушаюцца правы адных, абавязкова парушаюцца правы ўсіх. І наша задача — набліжаць тую Беларусь, у якой прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці не будуць адчуваць сябе чужымі ці выгнанымі. Бо беларус беларусу — беларус.

Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні

Main carousel image