У Познані пройдзе моладзевы сайд-івэнт "Няскоранае пакаленне"
2026-05-17
19 мая ў Познані пройдзе моладзевы сайд-івэнт "Няскоранае пакаленне" у рамках ІІІ Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause — падзеі, якая аб'ядноўвае палітвязняў і палітвязынак, праваабаронцаў і тых, хто дапамагае і дамагаецца справядлівасці для ўсіх незаконна пераследуемых у Беларусі.
На мерапрыемстве будзе прэзентаваны зборнік эсэ «Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020», у якім маладыя беларусы і беларускі расказваюць пра свой супраціў, рэпрэсіі і надзею, панэльная дыскусія пра ролю студэнцтва ў падзеях 2020 года і сітуацыю рэпрэсаванай моладзі з Беларусі, а таксама прэзентацыя даследавання Беларускага нацыянальнага моладзевага савета РАДА пра актуальныя патрэбы моладзі.
Мерапрыемства арганізаванае Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пад патранажам Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані і пры падтрымцы чэшскага філіяла фонду Rosa-Luxemburg-Stiftung. У партнёрстве з Прадстаўніцтвам па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, Bělaruské studentstvo ČR, Беларускім нацыянальным моладзевым саветам РАДА і Беларускай моладзевай арганізацыяй LICHTAR.
Аляксей Грахоўскі, намеснік Прадстаўніцы па моладзевай палітыцы і студэнцтву АПК, расказаў, чаму важна далучыцца да мерапрыемства:
«У тыя часы я сканчваў Ліцэй імя Якуба Коласа, і кожны дзень мы баяліся, што за намі прыйдуць. На выпадак прыходу сілавікоў у нас быў план, што рабіць, як уцякаць, каб толькі не трапіць у іх рукі. Было ўсё, ад інсцэнізацыі дня народзінаў да барыкадавання на гарышчы ліцэйскага будынка. І гэта толькі адна гісторыя.
За кожнай справай маладых палітзняволеных стаяць жывыя людзі з уласнымі гісторыямі, пачуццямі, марамі і надзеямі. Гэты вечар менавіта пра іх. Мы павінны распавядаць гэтыя гісторыі, каб памятаць і не даць досведу знікнуць у маўчанні, каб нагадаць свету, што цана свабоды заўсёды высокая».
Калі: 19-га мая 2026, з 17:00 да 20:00
Дзе: Sala Lubrańskiego, Collegium Minus, Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. ul. Henryka Wieniawskiego 1.
Рэгістрацыя на мерапрыемства адкрытая да 18 мая 2026 па пошце: withoutjustcause@tsikhanouskaya.org
Поўная праграма і рэгістрацыя на ІІІ Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause даступная па спасылцы.
@CabinetBelarus



