Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Беларусі давядзецца прайсці шляхам краіны, дзе павага да медсёстраў даказваецца не дзяжурнымі словамі на прафесійнае свята, а на справе» — зварот АПК

2026-05-12

Аб'яднаны Пераходны Кабінет падрыхтаваў зварот да Міжнароднага дня медсёстраў:

«Дэфіцыт медсясцёр — гэта боль сістэм аховы здароўя па ўсім свеце. За сухім «сярэдні медыцынскі персанал» стаіць цяжкая і адказная праца за зусім невялікія грошы. Медсёстры — “аперацыйная аснова” функцыянавання аховы здароўя. А на рынку працы маладыя людзі параўноўваюць цяжкую зменную працу ў бальніцах і паліклініках, эмацыйнае выгаранне і пагарду чыноўнікаў з альтэрнатывамі ў IT, лагістыцы, сэрвісах або офіснай працы.

Развітыя краіны шукаюць сістэмныя рашэнні гэтай праблемы, спрабуючы спыніць адток людзей са спецыяльнасці. У Беларусі гэты крызіс пагаршаецца яшчэ і тым, што медсёстры застаюцца ў цені і часта ўспрымаюцца як чалавек, які проста выконвае інструкцыі ад урача, чыя задача — выдаць патрэбную таблетку або ўзяць аналіз.

Рэпрэсіі закранулі многіх медсясцёр: нехта прайшоў праз арышты і турмы, нехта быў звольнены за сваю грамадзянскую пазіцыю, а нехта нават проста за тое, што ў 2020 годзе паставіў подпіс “не за таго кандыдата”, нехта вырашыў не чакаць, калі за ім прыйдуць, і з’ехаў сам. Гэта катастрофа для Беларусі, бо толькі 6 з 10 медсясцёр застаюцца ў прафесіі. Да таго, на сёння гэта практычна цалкам жаночая прафесія, і змаганне з медсёстрамі паказвае сапраўднае стаўленне рэжыму да гэтай прафесіі.

Цывілізаваны свет шукае выхад з дэфіцыту кадраў не толькі праз падвышэнне заробкаў, але і праз рэальны рост прэстыжу прафесіі. На практыцы гэта азначае пашырэнне аўтаноміі медсясцёр, перавод іх са статусу «дапаможнага персаналу» ў самастойную і паважаную клінічную прафесію.

Беларусі давядзецца прайсці тым жа шляхам. Гэта шлях краіны, дзе павага да медсясцёр даказваецца не дзяжурнымі словамі на прафесійнае свята, а на справе. Гэта не проста годны заробак, за які не трэба працаваць на знос у некалькі змен, але і абарона працоўных правоў і бяспека.

Сёння мы віншуем людзей, якія застаюцца ў прафесіі, насуперак ўсім цяжкасцям. Мы будзем працаваць над тым, каб прафесія медсястры мела заслужаны прэстыж, а ўмовы працы станавіліся больш справядлівымі, бяспечнымі і годнымі. Дзякуй за вашу працу, клопат і прафесіяналізм».

@CabinetBelarus

Main carousel image