Пра падтрымку Дайнюса Жалімаса
2026-05-11
У сувязі са скаардынаванай інфармацыйнай кампаніяй па дыскрэдытацыі дэпутата Еўрапейскага парламента ад Літвы, былога старшыні Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюса Жалімаса праз дзейнасць Цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub», я, Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, лаўрэат прэміі Леха Валенсы, заяўляю наступнае.
Дайнюс Жалімас і ўзначальваны ім раней цэнтр «Justice Hub» зрабілі адзін з самых значных укладаў у прасоўванне адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзейсненыя міжнародныя злачынствы супраць беларусаў.
Гісторыя майго асабістага ўзаемадзеяння са спадаром Жалімасам пачалася ў 2021 годзе. У 2023 годзе менавіта дзякуючы працы, арганізаванай і прафінансаванай цэнтрам «Justice Hub», быў падрыхтаваны першы шматбаковы даклад аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэта першы буйны экспертны дакумент, у якім наўпрост была абгрунтавана кваліфікацыя злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі. І самае важнае, што ў гэтым дакуменце вельмі падрабязна былі апісаны шляхі да дасягнення правасуддзя з улікам даступных міжнародных і нацыянальных механізмаў.
З нагоды рэлізу гэтага даклада цэнтр «Justice Hub» арганізаваў буйную міжнародную канферэнцыю ў Вільні з удзелам выбітных міжнародных экспертаў.
На працягу 2022–2025 гадоў НАУ самым шчыльным чынам узаемадзейнічала з цэнтрам «Justice Hub», у прыватнасці ў межах падрыхтоўкі згаданага даклада.
Менавіта дзякуючы гэтым сумесным намаганням была сфарміравана міжнародная супольнасць экспертаў-аднадумцаў, якая змагла правесці працу, вынікам якой сёння з’яўляецца расследаванне Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі».
Акрамя гэтага, цэнтр «Justice Hub» непасрэдна спрыяў ініцыяванню ў Літве расследавання злачынстваў катванняў, здзейсненых у Беларусі, на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі.
Па-за ўсякім сумневам, цяперашняя дыскрэдытацыйная атака на Дайнюса Жалімаса і працу цэнтра «Justice Hub» мае ўсе прыкметы скаардынаванай інфармацыйнай кампаніі беларускіх і расійскіх спецслужбаў.
Чаму менавіта цяпер? Таму што праца цэнтра «Justice Hub» і асабісты ўклад Дайнюса Жалімаса менавіта зараз прынеслі вынік і наблізілі рэальную адказнасць рэжыму Лукашэнкі ды аднаўлення правоў сотняў тысяч беларусаў і беларусак.
12 сакавіка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаў расследаванне «беларускай сітуацыі». У гэты ж час Дайнюс Жалімас паслядоўна адстойвае пытанне міжнароднага правасуддзя ў Беларусі, падтрымкі Украіны і агульнаеўрапейскага вектара на пляцоўцы Еўрапарламента.
Менавіта цяпер рэжым у Беларусі, спецслужбы Беларусі і Расіі паслядоўна атакуюць усіх датычных да выніку, які мы атрымалі ў Міжнародным крымінальным судзе. Дайнюс Жалімас як асоба, якая зрабіла значны ўклад, стаў мэтай адной з такіх атак.
У сувязі з гэтым я выказваю поўную салідарнасць і падтрымку ад сябе асабіста, ад каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і беларусаў, якія абралі мяне ў Каардынацыйную Раду.
Я хацеў бы, каб беларусы ведалі, што Дайнюс Жалімас адным з першых прыйшоў на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а яго праца прынесла рэальны вынік у пытанні абароны ахвяр міжнародных злачынстваў.
У асобе Дайнюса Жалімаса дэмакратычная Беларусь знайшла сапраўднага сябра і саюзніка, за што я шчыра яму ўдзячны.



