Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

У Стакгольме моладзь абмяркуе парадак дня дэмакратычнай Беларусі

2026-05-09

11 мая ў Стакгольме адбудзецца канферэнцыя «Youth, Gender and Democracy for Belarus Forum 2026». Мерапрыемства высокага ўзроўню арганізуецца Беларускім нацыянальным маладзёжным саветам РАДА, Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Міністэрствам замежных спраў Швецыі пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай і падтрымцы SCEES (Стакгольмскі цэнтр усходне-еўрапейскіх даследванняў).

З прывітальнай прамовай на адкрыцці выступіць кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская і Даг Хартэліўс, дзяржаўны сакратар па замежных справах Швецыі.

У форуме возьмуць удзел каля 90 гасцей з беларускіх моладзевых арганізацый або тых, якія працуюць для моладзі ў выгнанні, і арганізацый грамадзянскай супольнасці Швецыі, а таксама еўрапейскія стэйкхолдэры.

Панэльныя дыскусіі будуць прысвечаныя абмеркаванню праблем і выклікаў магчымасці ўдзелу моладзі ў палітычных і грамадзянскіх працэсах, праблемам, з якімі сутыкаюцца гендарны і ЛГБТК+ актывізм, уключаючы рызыкі, абмежаванні і механізмы падтрымкі; а таксама пытанні запытаў і патрэбаў мэтавых груп, якія працуюць у пералічаных тэмах праз фокус моладзі.

Рабочыя групы правядуць аналіз, каб прадставіць рэкамендацыі пра тое, якія інструменты можна будзе выкарыстоўваць для вырашэння праблем. Таксама на мерапрыемстве будуць прадстаўлены свежыя даследаванні па тэмах, якія хвалююць маладых беларусаў і беларусак.

Юлія Міцкевіч, намесніца Прадстаўніцтва па сацпалітыцы АПК, расказала пра запланаваную канферэнцыю:

«Гэта наша трэцяя міжнародная канферэнцыя па парадку дня дэмакратычнай Беларусі, якую мы робім разам з калегамі з шведскага МЗС. І калі ў 2024 годзе фокус быў больш шырокі, то ў мінулым годзе мы выбралі зрабіць акцэнт на канкрэтную мэтавую групу — жанчынаў, і больш вузка — іх палітычнае лідарства, уплыў і ўдзел, а таксама гендарна-абумоўлены гвалт і ўдзел мужчын у прасоўванні і падтрымцы жанчын у вырашэнні гэтых пытанняў. У гэтым годзе мы працягваем, уключыўшы моладзь і гендар.

Форум у 2025 годзе меў поспех і быў адзначаны нашымі партнёрамі з ЕС як прыклад таго, як можна выкарыстоўваць крос-тэмы, каб больш прадметна гаварыць і абмяркоўваць дэмакратыю ў кантэксце Беларусі. То бок, не абстрактна, а праз канкрэтныя сацыяльныя групы і іх праблемы як лінзу, праз якую дэмакратыя становіцца адчувальнай і прадметнай. Калі кожны і кожная прыходзяць са свайго пункту ўваходу, але ўсе аказваюцца ў адной размове пра дэмакратыю.

Тэма дэмакратыі Беларусі ў шырокім сэнсе часта гучыць у адным і тым жа ключы, і беларуская аўдыторыя перастае нас чуць. Новы пункт погляду — жанчыны, моладзь, гендар, ЛГБТК — вяртае рэлевантнасць і запатрабаванасць».

@CabinetBelarus

Main carousel image