Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

9 траўня – дзень Еўропы

2026-05-09

Дзень Еўропы адзначаецца з нагоды ўжо легендарнай прамовы французскага міністра замежных спраў Роберта Шумана, які падзяліўся візіяй агульнай і аб’яднанай Еўропы, дзе кааперацыя і гандаль мусілі замяніць гістарычныя прэтэнзіі, крыўды і гвалт. Гэта выдатны сімвал той будучыні, якая павінна быць актуальнай і для Беларусі, бо большасць беларусаў заўжды падтрымлівала шчыльныя эканамічныя стасункі з Еўропай і ў вялікай частцы падзяляла лозунгі эканамічнай інтэграцыі з ёй.

Еўропа, якая доўгія стагоддзі была самым крывавым кантынентам свету, са шматлікімі войнамі і гвалтам супраць суседзяў, здолела ўсвядоміць, што дабрабыт і культура куды лепш умацоўваюць тоеснасць яе народаў за вайну і канфлікты. Быць часткай ЕС, еўрапейскай супольнасці народаў, для шмат якіх дзяржаў сёння – сінонім міра і дабрабыту.

Нягледзячы на ўсе высілкі прапаганды прадставіць краіны Еўропы бездухоўным і карумпаваным краем, гэта разбіваецца аб няспыннае жаданне беларусаў быць разам з Еўропай. Мы былі і дасюль застаемся чэмпіёнамі па набыцці шэнгенскіх віз, беларусы нашмат часцей за рускіх наведваюць еўрапейскую зону і ведаюць, што насамрэч з’яўляецца праўдай, а што – прапагандай.

Беларусь доўгі час заставалася спрадвечнай часткай еўрапейскай цывілізацыі, пакуль не была гвалтоўна адарваная Расійскай імперыяй. Яна мела першую ў Еўропе канстытуцыю, развівала ўласны кнігадрук, будавала касцёлы і ратушы ў стылі барока і рэнесанса. І цяпер для беларусаў найлепшым выбарам было б узгадаць пра гэту гістарычную сувязь і імкнуцца адраджаць яе на сімвалічным узроўні, святкуючы Дзень Еўропы разам з усімі астатнімі краінамі суседзямі.

Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыяльным адраджэнні.

Main carousel image