Павел Латушка і Арцём Брухан сустрэліся з Алесем Бяляцкім
2026-05-08
Вельмі прыемна было прывітаць у офісе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, заснавальника праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Чалавека-легенду, які з’яўляецца гонарам беларускага народа.
Падчас нашай са спікерам Каардынацыйнай Рады Арцёмам Бруханам сустрэчы з Алесем Бяляцкім адбыўся вельмі карысны абмен думакамі і падыходамі пра ўнутрапалітычную сітуацыю ў краіне і пра выклікі, з якімі мы будзем разам змагацца.
Казалі пра тое, што супрацоўнічалі і будзем працягваць сумесную працу з праваабарончым цэнтрам «Вясна» у пытаннях збору доказаў і прыцягнення да адказнасці вінаватых у здзяйсненні злачынстваў супраць беларускага народа. З Алесем Бяляцкім у нас таксама агульная пазіцыя адносна важнасці працягу ціску на Лукашэнку, які разумее толькі мову сілы.
Падчас сустрэчы ўзгаднілі сумесныя падыходы да камунікацыі з еўрапейскімі партнёрамі.
Таксама я адзначыў важнасць працы інстытутаў дэмакратычных сіл — Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады. Распавёў пра дзейнасць Кабінета, а Арцём Брухан — пра ход выбараў у Каардынацыйную Раду.
Кніга «За беларускае жыццё…», якую падпісаў спадар Алесь Бяляцкі, заўсёды знаходзілася ў маім кабінеце. Гэтаксама і яго фотаздымак быў побач на працягу ўсіх апошніх гадоў, пакуль я запісваў відэа ў медыяпакоі НАУ. Гэта служыла напамінам усім гледачам як пра самога спадара Алеся, так і пра лёс усіх палітычных зняволеных, за свабоду якіх мы працягваем змагацца.






