Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Прадстаўнікі дэмсілаў абмеркавалі з прадстаўнікамі DG ENEST дапамогу палітвязням і рэпрэсаваным беларусам у выгнанні

2026-05-07

У Вільні адбылася сустрэча прадстаўнікоў DG ENEST Міхала Юзвяка і Каломб дэ Мерсэ з Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і Офісам Святланы Ціханоўскай.

Бакі, у прыватнасці, абмеркавалі:

▪️рэпрэсіі ў Беларусі, іх транснацыянальны характар і наступствы,
▪️дапамогу палітвязням і рэпрэсаваным беларусам у выгнанні,
▪️праблему пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў і спосабы яе вырашэння,
▪️новыя магчымыя рызыкі для беларусаў у выпадку пашырэння вайны з Украінай,
▪️выбары ў Каардынацыйную Раду і ўзаемадзеянне паміж трыма палітычнымі інстытутамі дэмсіл.

Прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская пракаментавала сустрэчу:

«У размове з нашымі еўрапейскімі партнёрамі я падняла тэму доўгатэрміновай падтрымкі людзей, якія часта аказваюцца па-за паўнавартасным доступам да нацыянальных сістэм сацыяльнай абароны: беларусаў у вымушанай эміграцыі, былых палітвязняў, ветэранаў вайны ва Украіне, пажылых людзей, людзей з інваліднасцю, сем'яў з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, жанчын, ЛГБТК+ персон.

Асобна абмеркавалі неабходнасць не толькі кропкавай дапамогі, але і сістэмнага механізму, які дазволіць такім людзям атрымліваць доступ да сацыяльных праграм у краінах фактычнага пражывання — у тым ліку ў Польшчы, Літве і іншых краінах ЕС. Для нас важна, каб уразлівыя групы не заставаліся паміж прававымі статусамі і адміністрацыйнымі сістэмамі, а мелі зразумелы шлях да абароны, падтрымкі і інтэграцыі».

Юлія Міцкевіч, першая намесніца Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, дадала:

«Мы абмеркавалі, у тым ліку, прыроду рэпрэсій, якая змяняецца, і з'яўленне новых форм катаванняў. Як, напрыклад, кейсы немагчымасці аб'яднання з непаўналетнімі дзецьмі вызваленых палітычных вязняў, паколькі падчас зняволення яны былі абмежаваныя ў бацькоўскіх правах.

Нам было важна пачуць, што пра гэта на ўзроўні ЕС вядуцца перамовы з амерыканскім бокам, у прыватнасці з тымі, хто ўключаны ў дыялог з рэжымам. І што нашы еўрапейскія партнёры працягваюць даносіць інфармацыю пра такія гісторыі. Як і тое, што яны настойваюць: пры вызваленні палітвязняў не павінна прымяняцца практыка прымусовай дэпартацыі без магчымасці самастойна прыняць рашэнне застацца ў краіне або з'ехаць, ці пазбаўлення вызваленых усіх дакументаў і легальных магчымасцей працягваць жыць у Беларусі».

DG ENEST (Генеральны дырэктарат па пытаннях пашырэння і Усходняга суседства) — гэта структурны падраздзел Еўрапейскай камісіі. Ён адказвае за перамовы аб пашырэнні і ўступленні ў Еўрапейскі саюз з краінамі-кандыдатамі і патэнцыяльнымі кандыдатамі на ўступленне ў ЕС. Гэта дзейнасць уключае ў сябе інфармаванне пра перавагі пашырэння ЕС як унутры ЕС, так і за яго межамі. Дырэктарат таксама кіруе праграмамі фінансавай і тэхнічнай дапамогі гэтым рэгіёнам.

@CabinetBelarus

Main carousel image