Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: Важна ўзмацняць сілу нашых інстытутаў

2026-05-02

«Трэба быць беларусам і беларускай. Будзьце беларусамі — вось што было б патрэбна», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка адказваючы на пытанне мадэратара пра тое, што беларусы могуць зрабіць у падтрымку дэмакратычных сілаў падчас дыскусійнай панелі «Палітычная адвакацыя: выклікі і магчымасці» на V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету.

«Калі я беларускі палітык, мне дзіўна казаць, чым беларусы могуць нам дапамагчы. Будучы яшчэ міністрам культуры, ініцыяваў прыняцце закона «Аб беларусах замежжа». І ганаруся гэтым. Быў першым старшынёй Кансультатыўнай рады беларусаў замежжа як міністр культуры і распрацоўваў праграму падтрымкі беларусаў замежжа. Памятаю, што тады мы ў 10 разоў змаглі павялічыць фінансаванне для беларусаў, якія пражываюць за мяжой.

І сёння я ўжо не член Урада ў Беларусі, але прадстаўнік выканаўчага органа — Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, хутчэй павінен клапаціцца пра тое, што я магу зрабіць для беларусаў.

Мы маем унікальную інфраструктуру, ніколі дэмакратычны рух Беларусі не меў таго, што мы маем на сённяшні дзень. У нас ёсць Офіс прэзідэнткі-элект, выканаўчы орган — Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, абіраемая беларусамі. І гэтая Каардынацыйная Рада прызнана міжнароднымі партнёрамі — Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы, Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы, Еўрапейскім парламентам, Еўранэстам, Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, Сенатам Польшчы — і вось гэту ўнікальнасць мы можам падтрымаць выключна праз выбары, праз галасы беларусаў і беларусак».

Таксама падчас дыскусіі Павел Латушка заклікаў умацоўваць інстытуты: «Уявім сабе такую сітуацыю ідэалістычную: праходзяць выбары 11–17 мая. Адразу скажу, што гэта мара, але калі б за раду прагаласавала мільён чалавек. Вы ўяўляеце, які яна будзе мець мандат, камунікуючы з нашымі партнёрамі?»
Павел Латушка падкрэсліў, што ў такім выпадку цяжка ўявіць, што нашы партнёры пачнуць размаўляць з рэжымам без уліку голасу беларусаў.

Падчас дыскусіі Павел Латушка адзначыў запатрабаванасць экспертызы беларускіх дэмакратычных сіл па сітуацыі ў Беларусі для міжнарожных партнёраў. У якасці прыкладу адзначыў, што праводзяцца рэгулярныя сустрэчы з еўрапейскімі аналітычнымі цэнтрамі. НАУ падрыхтавала даклады, такія як «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя», «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі», «Бітва за Беларусь: сістэмная палітыка рэжыму Лукашэнкі па знішчэнні беларускай ідэнтычнасці і прасоўванні «рускага свету», якія былі запатрабаваныя ў экспертным асяроддзі.

Павел Латушка падзяліўся важнымі дасягненнямі дэлегацыі КР у ПАРЕ, падкрэсліўшы, што ПАРЕ не прызнала прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе, але былі прызнаныя Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада — гэта ўтрымліваецца ў базавых палітычных рэзалюцыях.

«Дэлегацыяй КР у ПАРЕ былі ўнесены папраўкі ў рэзалюцыі, звязаныя з тым, што Лукашэнка адказвае за здзяйсненне акта агрэсіі супраць Украіны, папраўкі, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей. І нашыя экспертныя справаздачы НАУ і іх прававое абгрунтаванне дапамагло ў прыняцці шэрагу рэзалюцый ПАРЕ. Зараз рыхтуецца справаздача па транснацыянальных злачынствах і, на жаль, беларускае грамадства за мяжой у “лідарах” па пераследу. Дакладчык, напэўна, уключыць гэта ў даклад: якія масавыя злачынствы здзяйсняюцца супраць беларусаў, а пазней з’явіцца адпаведная рэзалюцыя. А гэта нам дапамагае ў крымінальным судзе, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці».

@CabinetBelarus

Main carousel image