Страсбург: чаму гэты тыдзень ПАРЕ важны для маладых беларусаў
2026-04-29
З 20 па 24 красавіка Парламенцкая асамблея Рады Еўропы збіралася ў Страсбургу, каб абмеркаваць бяспеку Еўропы, правы чалавека і будучыню дэмакратыі. Для беларускай дэлегацыі гэты тыдзень «быў таксама пра тое, каб вярнуць Беларусь і беларускую моладзь у цэнтр гэтай размовы», адзначыла прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава.
«З 2022 года Рада Еўропы спыніла супрацоўніцтва з рэжымам і замест гэтага стварыла Кантактную групу, якая працуе непасрэдна з дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю і моладдзю. У лютым 2026 года Генеральны сакратар Ален Берсэ пацвердзіў, што гэтае супрацоўніцтва будзе працягвацца і пашырацца ў 2026–2027 гадах, каб падрыхтаваць беларускіх дэмакратаў, уключна з моладдзю, да прымянення стандартаў Рады Еўропы «з першага дня» палітычных змен», — нагадала прадстаўніца АПК.
Што мы прынеслі ў Страсбург
На працягу тыдня прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл праводзіла сустрэчы з нацыянальнымі дэлегацыямі і палітычнымі групамі ў ПАРЕ.
«Мы свядома засяродзіліся не толькі на рэпрэсіях і палітычных зняволеных, але і на вельмі канкрэтным для моладзі пытанні - захаванні адкрытасці Еўропы для беларусаў праз візы, мабільнасць і доступ да адукацыі», - адзначыла Маргарыта Ворыхава.
Гэта, паводле яе, працягвае працу Кансультатыўнай групы ЕС–Беларусь, якая сустрэлася ў Бруселі ў сакавіку і ўключыла «маладзёжную мабільнасць і доступ да адукацыі ў ЕС» у прыярытэты падтрымкі дэмакратыі. На ўзроўні маладзёжнай палітыкі Рада Еўропы і Еўрапейскі маладзёжны форум даўно выступаюць за зняцце візавых бар’ераў для ўдзельнікаў абменаў і маладзёжнай працы. Беларусь, гэта выпадак, дзе гэтыя прынцыпы трэба ўжываць тэрмінова.
«Рэжым зараз ператварае адукацыю ў мішэнь, адлічвае студэнтаў, палітызуе ўніверсітэты і абвяшчае незалежныя структуры «экстрэмісцкімі». Калі Еўропа ў адказ закрывае праграмы і візы, гэта карае тое самае пакаленне, якое выйшла за дэмакратыю ў 2020 годзе. Таму ў Страсбургу мы настойвалі, што мабільнасць для беларускай моладзі, гэта ўмова выжывання дэмакратычнага пакалення», — падкрэсліла прадстаўніца АПК.
Маладзёжная віза для беларусаў – рэалістычны наступны крок
Сярод прапановаў, якія прагучалі ў Страсбургу – маладзёжная віза для беларусаў.
«Калі мы гаворым пра «візу для маладых беларусаў», мы не вынаходзім нічога экзатычнага. У Еўропе ўжо існуюць праграмы маладзёжнай мабільнасці, якія дазваляюць людзям ва ўзросце 18–30 гадоў жыць, вучыцца і працаваць за мяжой на спрошчаных умовах. Маладзёжны сектар таксама выпрацаваў канкрэтныя рэкамендацыі па зняцці візавых перашкод для ўдзельнікаў абменаў, трэнінгаў і валанцёрскіх праграм.
Для Беларусі спецыяльная маладзёжная віза або хаця б асобны спрошчаны трэк прызнаў бы выключнасць сітуацыі нашага пакалення. Нашы арганізацыі забароненыя дома, нашы ўніверсітэты працуюць супраць студэнтаў, але менавіта нам давядзецца аднаўляць краіну пасля змен. Магчымасць легальна перамяшчацца ў Еўропу для навучання, развіцця і грамадзянскай актыўнасці, гэта і акт салідарнасці сёння, і інвестыцыя ў дэмакратычную Беларусь», - падкрэсліла Маргарыта Ворыхава.
@CabinetBelarus



