Павел Латушка: Мы выступаем за тое, каб вярнуць у Канстытуцыю Беларусі без’ядзерны статус
2026-04-26
«Хлусня вядзе да злачынстваў, а злачынствы, якія прыкрываюць хлуснёй псеўдакіраўнікі, прыводзяць да катастрофаў. Менавіта так адбылося ў часы Савецкага Саюза, калі нам хлусіла кіраўніцтва БССР і СССР аб тым, што адбылося на Чарнобыльскай АЭС. І гэта прывяло да шматлікіх ахвяраў», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падчас выступу на Чарнобыльскім Шляху «За незалежную без’ядзерную Беларусь», які прайшоў 26 красавіка ў Варшаве ў 40-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы.
«Сёння арганізаваная злачынная групоўка на чале з Лукашэнкам здзяйсняе самае вялікае злачынства ў гісторыі Еўропы ў ХХІ стагоддзі ў адносінах да еўрапейскага беларускага народа. Яны хлусяць аб сваіх злачынствах і пашыраюць іх маштаб. І ў гэты час мы не маем права даць перамагчы хлусні. Мы павінны казаць праўду пра тое, што адбываецца ў нашай Беларусі», — падкрэсліў намеснік кіраўніцы Кабінета.
Падчас свайго выступу Павел Латушка згадаў, як падчас працы амбасадарам у Францыі прапанаваў ураду Лукашэнкі, каб над будовай Астравецкай атамнай электрастанцыі ажыццяўляла нагляд французская кампанія. Гэта прапаноўвалася дзеля таго, каб падчас будовы былі выкананы ўсе міжнародныя стандарты бяспекі, але Лукашэнка адмовіўся, узяўшы паслугі ад Расіі. Вынікам таго рашэння стала тое, што мы да гэтага часу не ведаем, наколькі Астравецкая АЭС бяспечная.
«Лукашэнка на гэтым не спыніўся. У 2022 годзе ён ініцыяваў, канешне, сфальсіфікаваўшы папраўку ў Канстытуцыю, пазбавіўшы нашу краіну без’ядзернага і нейтральнага статусу».
Павел Латушка адзначыў, што менавіта Лукашэнка, рэалізуючы сваю антыбеларускую палітыку, намаляваў мішэнь з ядзерным элементам на галавах беларусаў і беларусак. Ён прадаў знешнюю і вайсковую палітыку Беларусі Крамлю. Сваімі агрэсіўнымі дзеяннямі і рыторыкай зрабіў Беларусь пагрозай для еўрапейскіх краін.
«Пакуль панаваць будзе гэты рэжым і рэалізоўваць здрадніцкую палітыку, мы будзем знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Мы выступаем за тое, каб вярнуць у Канстытуцыю Беларусі без’ядзерны статус нашай краіны. Каб спыніць падтрымку агрэсіі супраць Украіны і спыніць вайну супраць Еўропы — і за гэта мы будзем змагацца: і Аб’яднаны Пераходны Кабінет, і, спадзяюся, пераабраная Каардынацыйная Рада», — адзначыў Павел Латушка.



