Павел Латушка: «Трыццаць гадоў працы “Вясны” — гэта шлях паслядоўнай і самаахвярнай абароны правоў і годнасці чалавека ў Беларусі»
2026-04-26
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка павіншаваў Праваабарончы цэнтр «Вясна» з 30-годдзем:
«Трыццаць гадоў вашай працы — гэта шлях паслядоўнай і самаахвярнай абароны правоў і годнасці чалавека ў Беларусі. Усе гэтыя гады Вясна" застаецца прыкладам прынцыповасці, прафесіяналізму і вернасці сваім каштоўнасцям, нягледзячы на складаныя абставіны, у якіх вам даводзіцца працаваць.
Цягам апошніх гадоў Беларусь жыве ў рэчаіснасці сістэмнага ціску на грамадзянскую супольнасць: масавыя затрыманні, палітычна матываваны пераслед, абмежаванні свабоды слова і асацыяцый, ціск на праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў. У гэтых умовах сама праваабарончая дзейнасць патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і вялікай асабістай мужнасці.
Менавіта таму значэнне вашай працы цяжка пераацаніць. “Вясна” застаецца крыніцай падтрымкі для людзей, якія апынуліся пад ціскам, важным голасам праўды і сведчаннем таго, што прынцыпы правоў чалавека працягваюць жыць нават у самых складаных абставінах».
@CabinetBelarus



