Павел Латушка: Інтэрпол павінен адстойваць вяршэнства права, а не служыць сродкам перадачы невінаватых людзей у рукі дыктатара м
2026-04-21
21 красавіка падчас пасяджэння Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ПАРЕ разглядаўся пункт парадку дня «Супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям». У межах гэтага абмеркавання выступіў дакладчык ПАРЕ па транснацыянальных рэпрэсіях Канстанцінас Эфстаціў, які прадставіў інфармацыю, атрыманую ім па выніках сустрэчы ў Інтэрполе.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ Павел Латушка выступіў падчас пасяджэння з дадатковым словам, у якім распавёў, як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае Інтэрпол у палітычных мэтах.«Гэта не проста злоўжыванне з боку рэжыму. Механізмы Інтэрпола фактычна становяцца інструментам пераследу і пагрозай бяспецы для тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну ў выніку палітыкі маштабных палітычных рэпрэсій», — адзначыў Павел Латушка.
Падчас выступу Павел Латушка заклікаў дзяржавы-члены ПАРЕ, якія адначасова з'яўляюцца членамі Інтэрпола:
— Правяраць запыты з Беларусі па крымінальных справах на прадмет магчымай палітычнай матывацыі;
— Звярнуць увагу Генеральнага сакратарыята Інтэрпола на неаднаразовыя злоўжыванні механізмамі арганізацыі з боку рэжыму Лукашэнкі і, адпаведна, на магчымасць прымянення пункта 4 артыкула 123 Правілаў Інтэрпола па апрацоўцы даных для прыпынення доступу рэжыму Лукашэнкі да інфармацыйнай сістэмы арганізацыі.«Інтэрпол павінен адстойваць вяршэнства права, а не служыць сродкам перадачы невінаватых людзей у рукі дыктатараў», — падкрэсліў Павел Латушка.
Дакладчык ПАРЕ па транснацыянальных рэпрэсіях падтрымаў пазіцыю чальца беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ, адзначыўшы, што менавіта Беларусь з'яўляецца яскравым прыкладам краіны, дзе сістэма апавяшчэнняў Інтэрпола выкарыстоўваецца для палітычнага пераследу дысідэнтаў за мяжой.
Каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Офіса Святланы Ціханоўскай будуць узаемадзейнічаць па тэматыцы супрацьдзеяння намаганням рэжыму па выкарыстанні Інтэрпола як інструмента палітычнага пераследу беларусаў і беларусак, нязгодных з палітыкай, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі.
@CabinetBelarus



