Палітыкі прымаюць удзел у праграме «Мужчыны за гендарную роўнасць, недыскрымінацыю і супраць гвалту»
2026-04-21
У Стакгольме пачаўся адукацыйны візіт для палітыкаў па праграме «Мужчыны за гендарную роўнасць, недыскрымінацыю і супраць гвалту», які арганізуецца Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і шведскай арганізацыяй MÄN пры супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Швецыі.
У мерапрыемстве бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, палітычных партый і моладзевых палітычных арганізацый. Акрамя двухдзённага трэнінгу ўдзельнікі правядуць сустрэчы з чальцамi шведскага парламента, муніцыпалітэта Стакгольма і МЗС, якія працуюць па тэмах роўнасці, інклюзіі і змагання з харасментам.
Юлія Міцкевіч, першая намесніца Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, распавяла пра праграму:«Накірунак па працы з мужчынамі-палітыкамі з мэтай прасоўвання гендарнай роўнасці, як унутры палітычных структур, так і ў беларускае грамадства – адзін з трох прыярытэтных у нашай камандзе.
У прыватнасці, гэта адпавядае запытам, з якім да мяне звярталіся мае калегі-мужчыны. Часам ім не хапае ведаў і навыкаў, а таксама ёсць пэўныя стэрэатыпы і прадузятасці, калі гаворка заходзіць пра любую гендарную тэму, асабліва калі гэта тычыцца харасменту ці гвалту.
Таму вельмі важна не супрацьстаяць адна аднаму, а ствараць кааліцыі ці альянсы, каб рабіць беларускую палітыку па-сапраўднаму дэмакратычнай разам: гэта значыць інклюзіўнай, справядлівай, салідарнай і клапатлівай. Дзе кожная і кожны адчуваюць сябе свабодна, камфортна і бяспечна.
І рабіць гэта як для сябе, так і для тых, з кім мы працуем побач, пераносячы гэтыя правілы, нормы і стандарты ў беларускае грамадства ці ў сістэму дзяржаўнага кіравання ў далейшым, калі ў нас з'явіцца такая магчымасць. Заўсёды прасцей прымяніць ужо створанае і назапашанае раней на новым месцы, чым ствараць нешта з нуля».
Віталь Малчанаў, прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі, адзначыў:«Як прадстаўнік дэмакратычнай Беларусі ў Эстоніі і Латвіі я працую з супольнасцямі, дзе пытанні дыскрымінацыі, гвалту і сацыяльнай уразлівасці – не абстрактная тэорыя, а штодзённая рэальнасць. Таму для мяне важна не толькі займацца палітычнай і праваабарончай дзейнасцю, але і глыбей разумець, як працуюць сацыяльныя нормы, у тым ліку нормы маскуліннасці, і як яны ўплываюць на гвалт і выключэнне.
Гэты трэнінг у Стакгольме – гэта магчымасць атрымаць канкрэтныя інструменты, якія можна прымяніць у працы з дыяспарай і грамадзянскай супольнасцю. Асабліва важна, што гаворка ідзе не толькі пра рэакцыю на гвалт, але пра яго прадухіленне праз адукацыю, змяненне паводзін і развіццё адказнасці ў грамадстве».
@CabinetBelarus




