Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў звярнулі ўвагу прадстаўніка Рады Еўропы на неабходнасць доўгатэрміновых праграм для беларусаў у цяжкай жыццёвай сітуацыі

2026-04-17

У Вільнюсе адбылася сустрэча дэмакратычных сілаў Беларусі з Генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы Мэцью Моры. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай і грамадскай ініцыятывы «Вольныя».

Прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская на сустрэчы распавяла, якімі напрамкамі займаецца Прадстаўніцтва, адзначыла, што праца ідзе і ўнутры краіны, і за межамі Беларусі.

«Важнай тэмай сустрэчы была размова пра ўзровень рэпрэсіяў у Беларусі. Я адзначыла, што няма бачных індыкатараў, каб казаць пра іх зніжэнне. Наадварот, рэпрэсіі пастаянна змяняюць сваю прыроду, а ўсе працэсы ўнутры краіны ўсё больш і больш крыміналізуюцца і палітызуюцца», — адзначыла палітык.

Юлія Міцкевіч, намесніца кіраўніцы Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК дадала:

«На сустрэчы мы дамовіліся, што ў праграмы навучання для беларусаў і беларусак па мясцовым самакіраванні і лакальным лідарстве мы будзем уключаць гендарную роўнасць як скразны кампанент, узмацняючы тым самым не толькі пашырэнне правоў і магчымасцяў для жанчын, жаночае лідарства і ўдзел. Гэта будзе зроблена па прыкладзе таго, як мы супрацоўнічаем са шведскім МЗС, — але і ў цэлым палітычную і дэмакратычную культуру».

Яна падкрэсліла, што гэта можна будзе арганізаваць у кааперацыі з партнёрамі з Савета Еўропы і Прадстаўніцтвам па моладзевай палітыцы, якое ўзначальвае Маргарыта Ворыхава.

«Гэта дасць магчымасць наладзіць стажыроўкі для маладых жанчын і мужчын, якія бачаць сваю будучыню ў палітыцы, і ў прыватнасці ў дзяржаўным кіраванні. Каб яны разумелі, разбіраліся і ўжывалі на практыцы еўрапейскія стандарты, нормы і падыходы па пытаннях роўнасці і недыскрымінацыі як неад’емнай і неабходнай часткі любых дэмакратычных працэсаў», — перакананая Юлія Міцкевіч.

Каардынатарка ініцыятывы «Вольныя» Вераніка Станкевіч расказала пра ключавыя праблемы інтэграцыі і адаптацыі былых палітвязняў у краінах ЕС.

«Мы гаварылі пра тое, што існуючыя сістэмы падтрымкі застаюцца фрагментарнымі: людзям не хапае зразумелай інфармацыі, стабільнай фінансавай і псіхалагічнай дапамогі, а таксама доступу да паўнавартаснай інтэграцыі на рынак працы і ў адукацыю. Асобная ўвага была нададзена таму, што былыя палітвязні — гэта асаблівая ўразлівая група з досведам траўмы і страты сацыяльных сувязяў, і стандартныя інтэграцыйныя механізмы не ўлічваюць гэтай спецыфікі», — расказала яна.

У якасці аднаго з рашэнняў удзельнікі «прапанавалі развіваць лакальныя праграмы праз муніцыпалітэты і мясцовыя супольнасці, узмацняючы ролю ментарства, доўгатэрміновага суправаджэння і каардынацыі паміж арганізацыямі — каб інтэграцыя перастала залежаць ад выпадковай дапамогі і стала сістэмнай».

Таксама ўдзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу на колькасць рэпрэсаваных беларусаў за межамі Беларусі, на сітуацыю з беларусамі ў Грузіі і Украіне і на сітуацыю з беларускімі пашпартамі, дзеянне якіх заканчваецца, а ў выпадку з дэпартаванымі палітвязнямі дакументы былі ануляваныя.

Прадстаўнікі дэмсілаў таксама звярнулі ўвагу на патрэбу ў доўгатэрміновых праграмах для людзей у цяжкай жыццёвай сітуацыі, асобна закранулі важнасць праграм рэабілітацыі і рэсацыялізацыі для былых добраахвотнікаў.

@CabinetBelarus

Main carousel image