Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Святлана Ціханоўская заклікала Канаду «стаць вядучым голасам свабоды і дэмакратыі ва ўсім свеце і ўзяць сітуацыю ў Беларусі ў фокус увагі»

2026-04-14

Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла па відэаканферэнцсувязі на слуханнях «Актуальная сітуацыя з дэмакратыяй і становішча праваабаронцаў у свеце», якія прайшлі ў ніжняй палаце парламента Канады. Яна ўнесла шэсць «практычных прапановаў» для падтрымкі Беларусі.

Святлана Ціханоўская падзякавала парламенту Канады і ўраду «за прыхільнасць свабодзе, дэмакратыі і правам чалавека», выказала радасць, што краіна з 2020 года «прызнае наш рух», а «ў 2024 годзе распачала афіцыйныя стратэгічныя кансультацыі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі».

Кіраўніца АПК нагадала, што з 2020 года ў Беларусі па палітычных прычынах «праз зняволенне прайшлі 65 тысяч чалавек», «кожны дзень у сярэднім 10 чалавек затрымліваюцца па сфабрыкаваных абвінавачваннях», «за кратамі застаюцца больш за 950 палітычных зняволеных, у тым ліку 120 жанчын».

«Сёння я прыйшла сюды, каб папрасіць Канаду стаць вядучым голасам свабоды і дэмакратыі ва ўсім свеце і ўзяць сітуацыю ў Беларусі ў фокус увагі», — заявіла Святлана Ціханоўская.

Яна выступіла з шасцю канкрэтнымі прапановамі для Канады:

«Па-першае: захоўвайце ціск на рэжым, трымайце санкцыі моцнымі, патрабуйце вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, а таксама поўнага спынення рэпрэсій. Канада мае рычагі ўплыву, і вы маеце сілу.

Па-другое: працягвайце і павялічвайце дапамогу нашай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычным сілам, культурным ініцыятывам і незалежным СМІ. Такія праграмы, як «Журналісты за правы чалавека», якія фінансуе Канада, дапамагаюць умацаваць нашую сувязь з людзьмі на месцах і забяспечваць іх праўдай, а не прапагандай.

Канада таксама можа падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі ахвярам рэпрэсій, які мы заснавалі разам з Нарвегіяй і да якога ўжо далучыліся 12 іншых краін.

Па-трэцяе: падтрымайце нашы намаганні па прыцягненні рэжыму да адказнасці. Канада можа падтрымаць справу ў Міжнародным крымінальным судзе супраць рэжыму Лукашэнкі па абвінавачванні ў злачынствах супраць чалавецтва. Мы павінны прыцягнуць вінаватых да адказнасці — не толькі за рэпрэсіі, але і за саўдзел у расійскай вайне і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

Па-чацвёртае: дапамажыце беларусам у Канадзе адчуваць сябе тут у бяспецы. У нас ёсць невялікія, але вельмі актыўныя суполкі ў Манрэалі, Таронта, Ванкуверы. Стварыце спрошчаныя механізмы легалізацыі і забяспечце іх неабходнымі дакументамі і прытулкам. Прызнайце Беларусь краінай, куды небяспечна вяртацца, і забараніце экстрадыцыю ў Беларусь.

Па-пятае: дапамажыце нам падняць пытанне транснацыянальных рэпрэсій у ААН і АБСЕ. І я ведаю, што Міністэрства замежных спраў Канады надае гэтаму шмат увагі. Мы павінны не дапусціць, каб дыктатары злоўжывалі міжнароднымі механізмамі (у тым ліку Інтэрполам) для палітычнага пераследу.

Па-шостае: умацоўвайце адносіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Аб'яднаным пераходным кабінетам».


Таксама палітык папрасіла ««За дэмакратычную Беларусь» у Канадскім парламенце і арганізоўваць сумесныя мерапрыемствы, каб паставіць у цэнтр увагі Беларусь, Украіну і нашу барацьбу за свабоду».

«Змены ў Беларусі непазбежныя. Як сведчыць гісторыя, дыктатуры рушацца тады, калі гэтага ніхто не чакае, і ўжо зараз трэба рыхтавацца да постлукашэнкаўскай Беларусі. Каб, калі прыйдзе такі момант, мы скіравалі краіну на правільны шлях», — перакананая Святлана Ціханоўская.

Кіраўніца АПК падкрэсліла, што «змены ў Беларусі — гэта наша задача, але ніводную барацьбу за свабоду нельга выйграць у адзіноце»: «Нам патрэбныя саюзнікі. І мы разлічваем на Канаду і яе лідарства».

@CabinetBelarus

Main carousel image