Анастасія «Север» Махамет назвала тры асноўныя задачы сваёй працы ў АПК
2026-04-11
Нядаўна прызначаная намесніцай прадстаўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай Анастасія «Север» Махамет распавяла ў эфіры «Радыё Свабода» пра свае асноўныя задачы на пасадзе:«Зараз для мяне ёсць тры асноўныя задачы.
Гэта вырашэнне пытання з выплатамі, асабліва гэта датычыцца жонак зніклых без вестак.
Гэта пытанне легалізацыі дзеючых ваенных, таму што ў цэлым украінскае заканадаўства моцна змянілася, яно стала, скажам так, лаяльным і зручным для добраахвотнікаў, але ёсць асобныя кропкавыя кейсы, калі ў людзей ёсць праблемы з дакументамі. І іх таксама трэба вырашаць, неяк паціхеньку, не ведаю, шукаць выхады, варыянты. Гэта значыць, там кожны кейс — гэта вялікая-вялікая праблема.
І ёсць яшчэ цэлы пласт беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, якія жывуць тут вельмі шмат гадоў, якія з'яўляюцца сваякамі ўкраінскіх ваенных. Гэта значыць, гэта жонкі, мамы, і яны гатовы памяняць, напрыклад, грамадзянства, але іх адпраўляюць у Беларусь за даведкай пра несудзімасць, і, натуральна, яны баяцца ехаць за ёй. Гэта значыць, для гэтых людзей таксама трэба прыдумаць нейкі спосаб вырашэння гэтай праблемы».
Асноўнай місіяй прадстаўніца АПК назвала паляпшэнне якасці жыцця беларусаў ва Украіне, а першаснай задачай, якую плануе вырашыць да канца года, - «разабрацца хаця бы з выплатамі для трох вдоваў».
Адказваючы на пытанне журналісткі, пра што вельмі важна было спытаць кіраўніцы АПК Святлане Ціханоўскай пад час візіту ў Кіеў ва ўкраінскіх уладаў і прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, Анастасія «Север» Махамет прапанавала:«Мы прама некалькі кейсаў зможам перадаць Зяленскаму, якія без яго проста не вырашацца, таму што гэта нейкія тупіковыя пытанні, дзе людзі заканадаўча трапляюць у такую сітуацыю, што праз некую паперку, якую немагчыма атрымаць, яны не маюць права ні на што.
І ёсць людзі, якія ў нас ужо амаль 2 гады знаходзяцца нелегальна на тэрыторыі Украіны, таму што фармальна не маюць права на легалізацыю. То бок, гэта пакуль не вырашальна без уплыву людзей узроўню Зяленскага».
@CabinetBelarusч



