Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Часовае пасведчанне асобы замежніка будзе прызнавацца ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу, для адкрыцця банкаўскіх рахункаў у Польшчы

2026-04-09

9 красавіка 2026 года адбылася рабочая сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі і кіраўніка прававой камісіі Каардынацыйнай Рады Міхаіла Кірылюка з кіраўніцтвам Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF). У сустрэчы таксама ўзяў удзел прадстаўнік Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі Міністэрства фінансаў Польшчы.

У цэнтры абмеркавання падчас сустрэчы былі праблемы банкаўскага абслугоўвання грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Польшчы і якія тычацца:

– былых палітвязняў і іншых асобаў, якія чакаюць міжнароднай абароны;
– асобаў, якія праходзяць працэдуру легалізацыі свайго знаходжання (чакаюць атрымання дазволу на жыхарства, у тым ліку яго падаўжэння);
– грамадзян з пратэрмінаванымі пашпартамі (падаўжэнне якіх аб’ектыўна немагчымае) і без пашпартоў зусім;
– іншых катэгорый грамадзян Беларусі.

Павел Латушка праінфармаваў прадстаўнікоў органаў фінансавага нагляду Польшчы пра тое, што беларусы часта сутыкаюцца з праблемамі:

– адмоў у адкрыцці рахункаў у польскіх банках;
– абмежаванняў у карыстанні банкаўскімі мабільнымі прыладамі,
– таксама блакавання сродкаў на рахунках і інш.

Польскаму боку былі прадстаўлены канкрэтныя кейсы беларусаў, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі пры абслугоўванні ў банках. Гэтыя прыклады былі сабраны ў тым ліку праз чат-бот НАУ, а таксама прадстаўлены Беларускай асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі» (агулам больш за 40 кейсаў).

Прадстаўнікі Камісіі фінансавага нагляду Польшчы і Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі Міністэрства фінансаў Польшчы адзначылі, што пачнуць унутрыведамасныя працэдуры па ўзгадненню магчымых рашэнняў, якія могуць прывесці да зняцця часткі цяжкасцяў з адкрыццём і функцыянаваннем банкаўскіх рахункаў, з Упраўленнем па справах замежнікаў, Міністэрствам унутраных спраў і Нацыянальнай падатковай адміністрацыяй Польшчы.

Камісія фінансавага нагляду Польшчы паведаміла, што па выніках папярэдняй камунікацыі НАУ з KNF да польскіх банкаў ужо даведзена інфармацыя пра неабходнасць прызнання часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC) у якасці дакумента, які пацвярджае асобу. На дадзены момант банкі завяршаюць адаптацыю ўнутраных працэдур, у тым ліку праграмнага забеспячэння, для практычнага прымянення пры абслугоўванні грамадзян Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, асобныя банкі ўжо пачалі адкрываць рахункі на падставе TZTC.

«У сувязі з праблемай трактоўкі абмежаванняў ЕС, якія ўплываюць на выкарыстанне мабільнага банкінгу грамадзянамі Беларусі на тэрыторыі Еўрасаюза, НАУ накіруе адпаведныя звароты ў Нацыянальную падатковую адміністрацыю, якая гэтаксама як KNF мае права трактаваць нормы права ў фінансавай сферы, а таксама паўторна ў Еўрапейскую камісію.

Работа па абароне правоў беларусаў за мяжой працягнецца. Мы і далей адкрытыя да вашых зваротаў і праблем і гатовыя працаваць над іх вырашэннем. Пра прынятыя рашэнні польскага боку НАУ будзе інфармаваць», — адзначыў Павел Латушка.


@CabinetBelarus

Main carousel image