Юлія Міцкевіч: «Дэмсілам важна праяўляць палітычную волю і даваць альтэрнатыву той дыскрымінацыйнай і рэпрэсіўнай палітыцы, якая зараз вядзецца ўнутры краіны»
2026-04-09
У Варшаве праходзіць канферэнцыя «Укараненне еўрапейскіх прынцыпаў недыскрымінацыі ў палітыкі і практыкі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці». Мерапрыемства высокага ўзроўню арганізавана сумесна Дэпартаментам антыдыскрымінацыі Савета Еўропы, Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і дэмсіламі.
На канферэнцыі, у прыватнасці, былі абмеркаваныя пытанні дыскрымінацыі беларусаў па палітычных прычынах, распрацоўка стандартаў недыскрымінацыі ўнутры дэмсіл, была прадстаўлена Канцэпцыя антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, на аснове якой могуць быць сфармуляваныя законы па тэмах гендарнай роўнасці і правоў уразлівых груп у будучыні ў Беларусі; а таксама прадстаўленае даследаванне па пазбаўленні правоў і магчымасцей ЛГБТК+.
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч адзначыла:«Палітыкі — ролевыя мадэлі, і важна пра гэта памятаць. Я займаюся пытаннямі гендарнай палітыкі, правоў і магчымасцей для ўразлівых груп кожны дзень, але заўсёды падкрэсліваю, што роўнасць, справядлівасць і недыскрымінацыя — гэта скразныя дэмакратычныя каштоўнасці і прынцыпы работы. А, значыць, любы палітык можа і павінен не толькі прамаўляць прамовы пра новую мадэль будучай Беларусі, але і дэманстраваць гэта на справе. Выйсці на прайд, напрыклад, і стаць у калону з ЛГБТК-групамі, падтрымліваць квоты ў палітыцы як інструмент прасоўвання палітычнага лідарства і ўплыву для жанчын, выказвацца публічна па тэмах антыхарасменту ў падтрымку пацярпелых і г.д.
Нам як дэмсілам важна праяўляць палітычную волю і даваць альтэрнатыву той дыскрымінацыйнай і рэпрэсіўнай палітыцы да розных сацыяльных груп, якая зараз вядзецца ўнутры краіны, і мяняць наратывы «нам не да гендарнай роўнасці ці правоў квір-людзей», «беларусы да гэтага не гатовыя», «зараз не час» на процілеглыя, бяручы на сябе адказнасць. Таму што гэта тычыцца жыцця, бяспекі, здароўя і дабрабыту вялікай колькасці людзей, якіх мы не маем права рабіць нябачнымі і ігнараваць іх патрэбы. Мы не зможам змяніць нешта ў грамадскай свядомасці, не паказаўшы ўласны прыклад».
Прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава дадала:«Наколькі адкрытай і гасціннай мы хочам бачыць сваю будучыню? Я разглядаю сённяшняе мерапрыемства і гэтую размову як запрашэнне беларусам паразважаць над тым, як мы ставімся адзін да аднаго сёння, не толькі ў палітыцы, але і ў паўсядзённым жыцці.
Нам не трэба ўзгадняць кожную дэталь еўрапейскіх нормаў, каб пагадзіцца з адной асноўнай ідэяй: здаровае грамадства - гэта адкрытае грамадства. Такое, якое не зачыняе дзверы перад людзьмі праз іх меркаванні, паходжанне, знешнасць ці выбар. Такое, якое дазваляе розным галасам быць пачутымі, нават калі ім няёмка, замест таго, каб адштурхоўваць іх ці прымушаць маўчаць. Нам усім трэба вучыцца быць больш адкрытымі, больш здольнымі да дыялогу, калі мы калі-небудзь хочам жыць годна і свабодна.
Усе павінны мець права самім вырашыць, якімі людзьмі мы хочам быць, калі рэпрэсіі адступяць і адкрыецца акно для аднаўлення».
@CabinetBelarus





