Тэма незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў фокусе ўвагі АБСЕ
2026-04-01
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу са спецыяльнай пасланніцай па пытаннях вяртання ўкраінскіх дзяцей Парламенцкай асамблеі АБСЕ Карынай Одэбрынк.
Сустрэча адбылася па ініцыятыве дэпутаткі парламента Швецыі і спецыяльнай пасланніцы па пытаннях вяртання ўкраінскіх дзяцей Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Садзейнічанне ў арганізацыі сустрэчы аказала кіраўніца дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ, дэлегатка Каардынацыйнай Рады Аляксандра Мамаева.
Павел Латушка прадставіў інфармацыю, сабраную Народным антыкрызісным упраўленнем: больш за 3500 украінскіх дзяцей былі прымусова перамешчаны ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны — Херсонскай, Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей. Дадзеныя дзеянні ажыццяўляліся на падставе асабістага пісьмовага рашэння Лукашэнкі, прынятага ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы.
Плануецца, што даклад будзе прадстаўлены на найбліжэйшай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Дэпутатка парламента Швецыі адзначыла важнасць адлюстравання ролі рэжыму Лукашэнкі ў здзяйсненні ваеннага злачынства. Карына Одэбрынк падкрэсліла, што ў матэрыялах яе дакладу будзе прыведзена інфармацыя, перададзеная Народным антыкрызісным упраўленнем па факце здзяйснення дадзенага злачынства прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.



